Чацвёрты медаль у беларускую скарбонку паклала плыўчыха Аляксандра Герасіменя

14 августа 2016

Чацвёрты медаль у беларускую скарбонку паклала наша праслаўленая плыўчыха Аляксандра Герасіменя. На Гульнях у Лондане яна ўзяла два медалі і ў Рыа, вядома, планавала развіць поспех.

Павел Капуцкі назіраў за заплывам бронзавага прызёра Алімпіяды ў Бразіліі. Поўная канцэнтрацыя і мінімум эмоцый. Аляксандра Герасіменя выходзіць на свой апошні алімпійскі заплыў. Дзве сярэбраныя ўзнагароды Лондана пакідаюць месца для залатой мары.

У фінал Герасіменя адабралася з восьмым часам. У кар'еры Аляксандры былі выпадкі, калі з апошняй дарожкі яна выплывала на п'едэстал. Зрэшты, само траплянне ў вырашальны заплыў - ужо выдатна. Канкурэнцыя на 50-ці метрах вольным стылем фантастычная.

Тут усё вырашаюць нават не дзясятыя, а сотыя долі секунды! Аляксандра добра стартуе і трымаецца ў лідарах заплыву. На 100-метроўцы вольным стылем тут, у Рыа, яна ў фінал не адабралася, хаця разлічвала. Правалілася і мужчынская каманда. Спартсменка апынулася пад націскам.

Хто фінішаваў у першай тройцы, відаць не адразу. Толькі калі з'яўляецца тытр, зразумела: у нас медаль! Дзве сотыя адзяляюць ад серабра амерыканкі Сімоны Мануэль, чатыры - ад золата датчанкі Пернілы Блуме. Наша алімпійская рыбка б'е нацыянальны рэкорд, пастаўлены ёю ж у Лондане. Новы арыенцір - 24,11 секунды. Ёсць медаль, але няма золата. У першыя хвіліны пасля заплыву беларуска засмучаная.

Крыху пазней Аляксандра выходзіць на ўзнагароджанне. З іншым настроем! Для 30-гадовай спартсменкі гэта трэці алімпійскі медаль. І першая бронза.