У Мінску прайшло пасяджэнне Савета міністраў абароны краін АДКБ

13 июня 2017

Сёння Мінск стаў пляцоўкай маштабнага дыялогу аб пытаннях умацавання глабальнай бяспекі. У беларускай сталіцы прайшло пасяджэнне Савета міністраў абароны краін АДКБ. Удзел у ім прыняў і Прэзідэнт. Сустрэча прайшла перад дзвюма важнымі датамі ў гісторыі Арганізацыі: 25 гадоў з дня падпісання Дагавора аб калектыўнай бяспецы і 15 гадоў з моманту ўтварэння АДКБ. Зрэшты, парадак дня быў не столькі святочны, колькі прадметны і нацэлены на падтрыманне стабільнасці ў зонах адказнасці АДКБ. Сусветнае становішча дыктуе ўмовы - аб'яднаць высілкі і разам супрацьстаяць новым выклікам і пагрозам. У ліку іх - узброеныя канфлікты, тэрарызм, наркатрафік, кібератакі і гібрыдныя формы агрэсіі. Беларусь старшынствуе ў Арганізацыі і выступае за хутчэйшае аснашчэнне Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання найноўшымі ўзорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі, за пашырэнне ўзаемадзеяння ў рамках Арганізацыі, а таксама правядзенне новых маштабных вучэнняў. Падрабязнасці сустрэчы на вышэйшым узроўні ў Андрэя Крывашэева.

Юбілейны год існавання Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы - а гэта еўразійская шасцёрка: Беларусь, Расія, Арменія, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан - сустракае ў добрай форме. Як у прамым, так і ў пераносным сэнсе. Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання, а гэта лепшыя нацыянальныя падраздзяленні, дзейнічаюць зладжана. Нарматыўная база гатовая. Прыярытэты расстаўленыя. Некалькі азмрочвае юбілей марудлівасць у забеспячэнні - найноўшае ўзбраенне з затрымкамі даходзіць да КСАР - і неспакойнае ваенна-палітычнае становішча ў Еўразіі. На захадзе з шыкам размяшчаюць дадатковыя кантынгенты НАТА, на паўднёвым усходзе - актывізацыя сеткавага тэрору, экстрэмістаў, наркагандляроў і злачынных сіндыкатаў усіх відаў. Г.зн. спакойна адзначыць юбілей саюзнікам па АДКБ не дадуць, але ўдзельнікі Дагавора і Беларусь як старшыня зробяць усё магчымае, каб стабільнасць і бяспека засталіся нашай галоўнай заваёвай. Захаваць сваё - чужога не трэба - з такім пасланнем сёння Прэзідэнт Беларусі звярнуўся да кіраўніцтва АДКБ і міністраў абароны краін-удзельніц.

Добрую форму АДКБ прызнаюць у свеце. ААН і АБСЕ - адкрыта, калегі з НАТА - ускосна, лічачыся з ваенна-палітычнай вагай Арганізацыі там, дзе інтарэсы перасякаюцца. Безумоўна, хапае і крытыкі. Як любая рэінтэграцыя на постсавецкай прасторы, калектыўная бяспека - чытай, суверэнітэт і абарона ўласных інтарэсаў сваімі, а не чужымі рукамі - падабаецца далёка не ўсім.

Дагавору прадракалі крах пасля неўмяшання ў рэвалюцыйным Кыргызстане і пры абвастрэнні ў Нагорным Карабаху. Заўчасна хавалі ў 2015, калі запаволілася забеспячэнне сумеснай групоўкі найноўшымі ўзорамі ўзбраенняў.

Крытыкі Дагавора заціхлі толькі ў канцы 2016. Новы імпульс КСАР і АДКБ у цэлым забяспечыла беларускае старшынства.

Чатыры найважнейшыя ініцыятывы афіцыйнага Мінска: упор на практыку, крызіснае рэагаванне ў штодзённым рэжыме, а не калі ўжо згарэла хата. Плюс новая якасць вучэнняў - аператыўна-стратэгічныя, калі адпрацоўваюць і ў полі, і ў штабе. Прызначаныя на восень. Нарэшце, аднаўленне паставак для агульнай групоўкі сучасных і сумяшчальных узбраенняў. У гэтым пытанні скупы плаціць двойчы, а то і тройчы з улікам далікатнасці сучаснага міру, упэўненыя ў Беларусі. І гатовыя павялічваць свой уклад у бяспеку на кантыненце.

Запыт на прыярытэтнае аснашчэнне КСАР - зусім не прыкмета мілітарызму Беларусі і ўдзельнікаў Дагавора, а рэакцыя на дзеянні "калег" з НАТА і актывізацыю тэрарыстаў і экстрэмістаў па ўсім перыметры АДКБ і нават унутры Арганізацыі. Памятаем узрывы ў піцерскай падземцы. Спраўная яшчэ савецкая зброя пасля мадэрнізацыі - добра, але мала.

Асабліва калі ля нашых заходніх межаў употай размяшчаюць ударныя беспілотнікі, а арсенал тэрору амаль штодня папаўняецца то грузавікамі-забойцамі, то хімічнай зброяй. А яшчэ "гібрыдны" характар сучасных агрэсій - праз эканоміку, унутраную палітыку, медыя- і кіберпрастору. Патрэбная адэкватная рэакцыя, і Беларусь як старшыня яе прапаноўвае.

Ствараючы новае, Беларусь умацоўвае ўжо дзеючыя сістэмы бяспекі. Напрыклад, сумесныя з Расіяй маштабныя вучэнні "Захад". Іх яшчэ да пачатку крытыкуюць "еўрапейскія партнёры", пры гэтым з помпай размяшчаюць дадатковыя кантынгенты НАТА ля нашых саюзных межаў. Так, заходнія аналітыкі запэўніваюць: гэта не пагроза для Беларусі і АДКБ. Гэта жэст паказны, каб супакоіць эліты Польшчы і Прыбалтыкі, але не рэагаваць на такія жэсты ў сучасным свеце проста нельга.

Пітэр В. Шульц, доктар палітычных навук, прафесар факультэта паліталогіі Гетынгенскага ўніверсітэта (Германія): "Гэтыя падраздзяленні не ўяўляюць ніякай рэальнай пагрозы ні для Расіі, ні для Беларусі. Яны размешчаныя ў Прыбалтыцы толькі для адной мізэрнай мэты - каб сказаць: "Глядзіце, мы дэманструем вам клопат НАТА. Таму мы размесцім у вас на мяжы пару хлопцаў у амерыканскай уніформе, яшчэ пару хлопцаў у форме бундэсвера". Гэта козыр асабліва для ўнутранай палітыкі Польшчы і прыбалтыйскіх дзяржаў. Гэтыя 4 - 4,5 тысячы салдат не здольныя хоць неяк змяніць расклад сіл у рэгіёне".

Гэта проста гульня на публіку. Няўдалая гульня, паколькі для яе абгрунтавання яны правакуюць нацыяналізм і антырасійскія настроі. Ствараюць усё больш страхаў у дачыненні да Расіі.

Небяспечныя гульні на нервах вымушаюць Беларусь і АДКБ дзейнічаць празрыста, але рашуча, каб у "патэнцыяльных сапернікаў" (як назваў іх сёння Прэзідэнт) нават думкі не закралася, што гуляць можна не па правілах і хоць нешта даказваць не сілай слова, а сілай у натаўскай уніформе.

Не павінна быць сумненняў у партнёраў і ў боегатоўнасці Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання. 22 тысячы самых прафесійных і мабільных вайскоўцаў з шасці краін Дагавора. Сфарміраваныя ў 2009-м. Дарэчы, у некалькі разоў хутчэй, чым аналагічныя кантынгенты НАТА і Еўрасаюза. Прычым КСАР - гэта не толькі традыцыйныя дэсантнікі. Гэта спецназ, групы антытэрору, спецслужбаў, МНС на выпадак тэхнагенных і прыродных катастроф, а з нядаўніх пор яшчэ і спецыялісты па ліквідацыі наркатрафіку. Па сутнасці эліта ўсяго сілавога блока, навучаная імгненнай рэакцыі ў любых умовах: ад балотаў Палесся да гор Паўночнага Каўказа і Таджыкістана. Калі саюзнікам неабходна, Беларусь і ў фармаце КСАР гатовая падставіць плячо, запэўнівае Прэзідэнт.

Лёгкасць узаемадзеяння з Беларуссю асабліва падкрэслівае новы генеральны сакратар АДКБ. Арганізацыя падзяляе прыярытэты і ініцыятывы Беларусі для калектыўнай бяспекі.

Рэальнае напаўненне беларускіх ініцыятыў для АДКБ сёння абмеркавалі на пасяджэнні Савета міністраў абароны Арганізацыі ў Мінску. Самы важны вынік - узгадненне плана вучэнняў, збораў і канферэнцый на найбліжэйшыя паўтара года. Як і прапаноўвала Беларусь, яны будуць праводзіцца па адзінай задуме і ў аператыўна-стратэгічным фармаце, прычым сумесна з міратворцамі і авіяцыяй.

Юрый Хачатураў, генеральны сакратар Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы: "Што да гэтага года, то такія вучэнні пройдуць у кастрычніку на тэрыторыі Арменіі, Казахстана і Расіі. У адрозненне ад мінулых гадоў яны праводзяцца па адзінай задуме на агульным аператыўна-стратэгічным фоне".

Падвойны юбілей АДКБ - чвэрць стагоддзя падпісанню Дагавора і 15 гадоў як на яго аснове рэальна запрацавала Арганізацыя - не расслабляе краіны-удзельніцы, упэўненыя эксперты. Вельмі жорсткая сітуацыя ў свеце і рэгіёне - не да пышных юбілеяў. Плюс усе ініцыятывы Беларусі як старшыні не святочныя, а напружана-працоўныя, як армейскія будні.