Кошт і якасць павінны стаць залогам росту продажаў на традыцыйных рынках

7 апреля 2016

Такое даручэнне прамыслоўцам сёння даў Прэзідэнт Беларусі падчас наведвання Мінскага аўтамабільнага завода. На машынабудаўнічым флагмане Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці і перспектывах развіцця прадпрыемства. Справаздачамі не абмежаваліся. Аляксандр Лукашэнка адправіўся на зборачны канвеер МАЗа, дзе на свае вочы ўбачыў працэс зборкі розных мадэляў аўтатэхнікі. Ля заводакіраўніцтва на імправізаванай выставе Прэзідэнту паказалі найноўшыя ўзоры тэхнікі, што вырабляецца беларускімі машынабудаўнікамі. Гаворачы пра экспарт, Кіраўнік дзяржавы даручыў не здаваць традыцыйныя рынкі і заваёўваць новым сэрвісам і выключнай якасцю машын.

У цэхах Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з працоўным калектывам МАЗа. Кіраўніка дзяржавы пыталіся пра пенсіённую рэформу, жыллёвае будаўніцтва і бяспеку ў еўрапейскім рэгіёне. Падрабязнасці візіту Прэзідэнта на Мінскі аўтамабільны завод глядзіце ў нашых наступных выпусках.