Самыя вострыя пытанні ў ахове здароўя сёння абмеркавалі на нарадзе ў Прэзідэнта

11 сентября 2018

Адна з самых рэзанансных тэм апошняга часу - карупцыя ў сферы аховы здароўя - сёння стала прадметам абмеркавання на самым высокім узроўні. Гэтая размова наспявала даўно. Гучныя затрыманні дзясяткаў функцыянераў сістэмы Міністэрства аховы здароўя, якіх падазраюць у атрыманні хабараў і адкатах, не маглі не застацца без увагі Кіраўніка дзяржавы. Факты карупцыі сярод службовых асоб не павінны кідаць цень на сумленных і прыстойных урачоў, якіх у нас большасць. Гэтую заразу (як назваў сёння карупцыйныя праявы наш Прэзідэнт) трэба "выкарчаваць дашчэнту". І мяркуючы па затрыманнях, без аглядкі на чыны і рангі. У пытанні барацьбы з карупцыяй прынцыповая пазіцыя Кіраўніка дзяржавы застаецца нязменнай - "недатыкальных у нас няма". Але ніхто не павінен быць пакараны дарэмна. Важна знайсці не стрэлачнікаў, а прычыны сістэмных праблем, якія і прывялі да ўзбуджэння 95 крымінальных спраў. Самыя вострыя пытанні ў ахове здароўя сёння абмеркавалі на нарадзе ў Прэзідэнта. Тут былі прынятыя і новыя кадравыя рашэнні.

Працягне тэму Наталля Брэвус. Сур'ёзная размова аб праблемах у ахове здароўя была цалкам чаканая. Мала, што гэта значная частка эканомікі. У медыцыне працуе больш нашых грамадзян, чым у сферах транспарту і сувязі разам узятых. Ахова здароўя - гэта і прыстойная доля ў ВУП краіны. Але што яшчэ больш важна, справа тычыцца самага галоўнага - здароўя і жыцця людзей.

А апошнія паўгода ўсё грамадства толькі і робіць, што абмяркоўвае навіны са сферы медыцыны. Мабыць, нікога яны не пакінулі абыякавымі. Гучныя затрыманні топавых фігур у ахове здароўя ў многіх выклікалі шок. Сярод затрыманых па так званай справе медыкаў аказаліся высокапастаўленыя службовыя асобы - ад намесніка міністра да кіраўнікоў Белфармацыі і медтэхнікі, а таксама галоўныя ўрачы адразу некалькіх буйных бальніц і РНПЦ. За хабары. І сумы ўражваюць. Неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за аказанне садзейнічання пры пастаўках медабсталявання і прэпаратаў па завышаных цэнах, за лаяльнае стаўленне пры выбары пастаўшчыкоў і фірм, што абслугоўваюць тэхніку. Сярод затрыманых не толькі медыцынскія функцыянеры, але і камерсанты, якія кармілі недзяржаўныя інтарэсы дзяржаўных чыноўнікаў.

Сёння на нарадзе з кіраўніцтвам урада, Адміністрацыі Прэзідэнта і вярхушкай Міністэрства аховы здароўя з гэтай няпростай і рэзананснай для медыкаў ды і для ўсёй краіны тэмы і пачаў Кіраўнік дзяржавы.

"Карупцыйны нарыў" выявіў Камітэт дзяржбяспекі. Пры ўсёй маштабнасці аператыўных мерапрыемстваў - 95 крымінальных спраў, сотня чалавек пад следствам - дзейнічалі спакойна. Пры гэтым праца прадпрыемстваў, якія важныя для аховы здароўя, не паралізаваная. Прэзідэнт канстатуе - гэта прыклад для сілавікоў, як можна забяспечваць выкананне законаў, пры гэтым не шкодзіць эканоміцы медыцынскай сферы і невінаватым работнікам.

Банальная кадравая ратацыя - не выхад. У чым корань праблем, чаму такія карупцыйныя праявы наогул сталі магчымымі? Жорсткія пытанні задае Аляксандр Лукашэнка кіраўніцтву Міністэрства аховы здароўя. Трэба разабрацца. Бо зразумела, што такая гісторыя не проста шкода дзяржінтарэсам, пацыентам, але і вялікая пляма на рэпутацыі ўсёй медыцынскай супольнасці. Праца ва ўрачоў нялёгкая, а на такім фоне… Міністр не здымае з сябе адказнасці.

Сярод праблемных месцаў - нядобрасумленнасць кадраў, забюракратызаваныя працэдуры закупак, прытым што іх аб'ём прыкметна вырас, дэфіцыт аб'ектыўных меркаванняў па тэхзаданнях - ідэальна для карупцыі.

Дзейснымі лекамі ад карупцыі можа стаць поўная празрыстасць закупак, аўкцыёнаў і тэндараў. Намаганні сканцэнтруе на ўдасканаленні заканадаўства, падборы пула незалежных тэхнічных экспертаў, перафарматаванне працы закупачных камісій, а то быццам бы ўсё па законе, а закупка патрэбных медыцынскіх запчастак, абсталявання тармозіцца. Пацыенты пакутуюць, плацяць сваім здароўем за цяганіну і безгаспадарчасць. Пасяджэнне закупачнай камісіі ўжо сталі весці ў Інтэрнэце ў рэжыме відэатрансляцыі, каб кожны мог бачыць працэс ад пачатку і да канца.

Справядлівасці дзеля не забываем, што ў медыцыне зроблена нямала. Меддапамога даступная ўсім. У прыярытэце - мамы і малышы. Нараджаць не страшна. Бяздумна не закрылі ні адзін ФАП на сяле. Візітнай карткай аховы здароўя сталі высокія тэхналогіі. Па медыцынскую дапамогу ў Беларусь прыязджаюць з 130 краін свету. Па колькасці трансплантацый органаў Беларусь лідзіруе на постсавецкай прасторы. Гэта сотні тысяч выратаваных жыццяў. Гарантавана лекавая бяспека краіны. Усё гэта добра, але, здаецца, што поспехі ўсыпілі "кіраўніцкую пільнасць". За касмічнымі тэхналогіямі, якія ёсць на ўзбраенні айчынных урачоў, важна бачыць тое самае першапачатковае звяно. Праца паліклінік выклікае нямала нараканняў пацыентаў. Амаль палова скаргаў грамадзян, якія паступаюць у Адміністрацыю Прэзідэнта, гэта аргпытанні. Ад банальных чэрг да немагчымасці аператыўна атрымаць кансультацыю вузкіх спецыялістаў. Але ж па гэтых, здавалася б, дробязях ацэньваюць усю медыцыну. Найскладанейшыя аперацыі патрэбныя далёка не ўсім, а вось агляд тэрапеўта - кожнаму.

Апроч антыкарупцыйнай працы, намаганні Міністэрства аховы здароўя будуць сканцэнтраваны на навядзенні парадку ў галіне і павышэнні якасці меддапамогі. На першапачатковым узроўні разлічваюць на эфект працы ўрачоў агульнай практыкі. Гэта тэрапеўты, якія будуць выконваць функцыі неўролага, лора і афтальмолага. Так нагрузка на спецыялістаў меншая, часу для пацыента больш. Пры неабходнасці ўсё роўна прызначаць дадатковую кансультацыю.

Як мага хутчэй высокатэхналагічная дапамога павінна прыходзіць у вобласці. У найбліжэйшыя гады плануюць завяршыць стварэнне міжрэгіянальных медыцынскіх цэнтраў у такіх буйных гарадах, як Орша, Барысаў, Мазыр, Ліда, Пінск, Астравец, Бабруйск. Пілотны праект у Баранавічах ужо працуе. Крыху больш за два гады таму тут быў створаны міжраённы кардыялагічны цэнтр. Зараз складаных пацыентаў з вострымі сардэчнымі паталогіямі не трэба везці ў Брэст або Мінск. Іх ратуюць мясцовыя ўрачы, хірургі-кардыёлагі.

Фронт работ значны. Таму Аляксандр Лукашэнка разлічвае на прыстойнасць, кампетэнтнасць і прынцыповасць каманды. А цяперашняя сур'ёзная размова павінна стаць своеасаблівай "прышчэпкай ад карупцыі".

Гэты важны акцэнт ад Прэзідэнта пачулі і новыя кіраўнікі. Па выніках нарады былі прынятыя адразу некалькі кадравых рашэнняў, знакавых для медыцыны. Так, на пасаду намесніка міністра аховы здароўя ўзгоднены Барыс Андрасюк. Кадравае абнаўленне закранула адразу некалькі вытворчых прадпрыемстваў галіны. Мікалай Кудзяньчук узгоднены на пасаду гендырэктара Белмедтэхнікі. Яно забяспечвае і насельніцтва, і медустановы неабходным абсталяваннем і прыборамі. Валянціна Ігнаценка ўзначаліць Белфармацыю - самую буйную аптэчную сетку. Ужо пазней кіраўнікоў афіцыйна прадставілі ў Міністэрстве аховы здароўя. Зрэшты, жорсткія патрабаванні Прэзідэнта актуальныя не толькі для іх, але і для ўсіх, хто працуе ў сістэме аховы здароўя.

Пачатак 2019 года стане для цяперашняй каманды Міністэрства момантам ісціны. Прэзідэнт анансаваў вялікую размову на тэму аховы здароўя, дзе комплексна паглядзяць на развіццё гэтай сферы. А найбліжэйшыя месяцы - час для кардынальных рашэнняў па ўсіх агучаных праблемных пытаннях. Усё проста і складана адначасова - трэба звесці на нішто ўсё, што падсілкоўвае глебу для карупцыі, і стварыць максімум камфорту для тых, хто захварэў.