Развіццё рэгіёна і дэталёвы разбор па кожным прадпрыемстве. Прэзідэнт з рабочай паездкай пабываў у Шклоўскім раёне

24 января 2020
Сапраўды маштабнай і ў чымсьці нечаканай атрымалася рабочая паездка Прэзідэнта ў Шклоўскі раён. Прынцыповая размова пра лёс мясцовых заводаў, будучыню цэлых галін і нават саюзныя кантакты і кантракты з Расіяй.

Тон мерапрыемству Аляксандр Лукашэнка задаў яшчэ з раніцы. Маршрут не проста памяняў, але да завода газетнай паперы дадаў яшчэ некалькі прадпрыемстваў: гэта льнозавод, вытворчасці масла і малочнай прадукцыі. Гатовасць, вядома, была на ўсіх прадпрыемствах раёна, але Прэзідэнт паехаў на тыя, праца якіх яго асабіста цікавіла. Цэхі, вынікі мадэрнізацыі, голас народа - усё гэта ў зоне ўвагі беларускага лідара. Бо за лічбамі і графікамі з плюсамі  ўсё больш складана. На папяровай вытворчасці Аляксандр Лукашэнка даў зразумець: прыехаў не для галачкі. Раскалыхвацца часу няма ні ў мясцовых дырэктараў, ні ў міністраў. Тым больш што гэтыя галіны -  гэта тыя, дзе можна зарабляць і на знешніх рынках.

Актуальныя пытанні для эканомікі і размовы з людзьмі. Увогуле, падзей шмат, і наш палітычны аглядальнік Андрэй Крывашэеў сабраў самае цікавае і важнае ў наступны матэрыял. 

Вынікі мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі 


Шклоўскі завод газетнай паперы "Аснова" - гэта сімвал усёй дзесяцігадовай праграмы мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі ў краіне. Уклаўшы 4 мільярды долараў, дзяржава сапраўды заклала аснову шырокага асартыменту - ад газет і кніг да дамоў з клеенага брусу і экамэблі.

Сёння падчас візіту Прэзідэнта завод мімаволі стаў пляцоўкай для дэталёвай інспекцыі самых вострых праблем краіны. Ад нядобрасумленных пастаўшчыкоў і саюзнікаў да прыватных, але важных пытанняў: кароткае льновалакно, узбуйненне малочнай перапрацоўкі або падзеж жывёлы. 

Глабальная мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі, вядома, прайшла не без цяжкасцяў. Дзесьці парушылі тэрміны, дзесьці тэхналогію. Але наш бюракратызм і непаваротлівасць мы выправілі. А вось праблема шклоўскага завода  вонкавая і бачная няўзброеным поглядам. Прэзідэнту паказваюць: вось папера, бруднаватая на прасвет. Па-навуковаму - мармуровасць. А вось - пакрыццё ДСП і ламінатаў - зараз мутна-крупчастая тэкстура. Тут гавораць - эфект манкі.

Менавіта таму Прэзідэнт выбраў завод для наведвання: ёсць праблема, і вырашыць яе можа толькі дзяржава. Брак тэхналогіі быў закладзены ў чэшскім абсталяванні першапачаткова. Убачылі, калі запусцілі. Здавалася б, Чэхія. Стандарты ЕС. Фірма самавітая, даўно на рынку. Але паставіўшы бракаваную лінію, пайшла на ўсё, каб не плаціць. Сума са штрафамі і пені - звыш 10 мільёнаў еўра. Вось і ўся рыначная эканоміка. Уляцеў іх капіталіст на 10 мільёнаў - за яго ўся ліберальная Чэхія. Банкі, суды, паліцыя - праўды не дамагчыся. 

Кіраўнік дзяржавы рэагуе жорстка: падлучыце МЗС і адміністрацыю, але знайдзіце спосаб вярнуць грошы. Мы ж на рынку не хлопчыкі для біцця. Свой нацыянальны інтэрас абараніць здольныя (відэа).

Той жа жорсткі падыход у імпартазамяшчэнні. Калі самыя дэмакратычныя не цырымоняцца, ваююць, як ЗША з Кітаем, за кожны цэнт, чаму мы павінны быць мяккімі на сваім рынку? (відэа)

У астатнім Прэзідэнт прыемна ўражаны заводам і завадчанамі. Дырэктар у крэсле ўсяго тры дні, але кожны вузел у вялізнай лініі ведае як свае пяць пальцаў. Гэта відаць па тым, як паказвае сваё прадпрыемства. 

Адзін факт: галоўная машына вырабляе 800 метраў паперы за хвіліну. Гэта значыць, каб спакаваць усю Зямлю па экватары, ёй хопіць аднаго месяца. На заводзе бяруць любыя, нават унікальныя заказы. 

Ягор Турбал, намеснік начальніка цэха вытворчасці газетнай паперы РУП "Завод газетнай паперы": "У плане таніраванай паперы мы асвоілі, напрыклад, два колеры. А рынак запатрабаваў колер такі, як крэмавы. Егіпет пачаў друкаваць сваю прадукцыю, у прыватнасці, Каран на нашай паперы. І ён хоча крэмавую паперу. Мы яе асвоілі менш як за месяц. Падабралі фарбавальнікі, адценне, узгаднілі са спажыўцамі. Асвоілі гэты від прадукцыі". 

Сітуацыя ў галіне пры ўсіх нашых недахопах, падзенні цэн на рынках і адыходзе ад друкаванага слова ў інтэрнэт годная. Перапрацоўка драўніны, сваёй сыравіны  вырасла амаль у 3 разы. Экспарт падбіраецца да 2,5 мільярда долараў. Зарплаты - каля тысячы, але ў канцэрне няма ні аднаго завода, дзе атрымлівалі б ніжэй за плінтус (відэа). 

Наступны ўзровень праблем - Шклоўскі раён і Магілёўская вобласць у цэлым. Рэгіён адстае па валавым прадукце, прадукцыйнасці і новых рабочых месцах. І гэта з каласальнай увагай дзяржавы ад Оршы да чарнобыльскіх раёнаў. У Прэзідэнта на руках факты - адгэтуль імгненны дадатак маршруту - малаказавод і перапрацоўка льну. 

Забягаючы наперад, лідар праз гадзіну сапраўды без падрыхтоўкі наляціць і на малочную, і на льняную вытворчасць. Аб гэтым раскажам. Пытанне з мясцовымі мебельшчыкамі паставілі на асаблівы кантроль, як і з прыватнікамі па ўсёй краіне. У апошніх з'явілася схема грубай распілоўкі кругляку на дошкі і продажу замежнікам. Гэта, па сутнасці, марнатраўства каштоўнай сыравіны пры наяўнасці сваіх класных вытворчасцяў. Напрыклад гэтай - таўнхаўсы. Дамы-канструктары з драўлянага бруса пад ключ. Аб іх лёсе Прэзідэнта спытаюць завадчане (відэа). 

Парадокс бюракратыі. Таўнхаўсы са Шклова ўжо прадаюцца ў Францыю і Японію, а дома пакуль нормы не дазваляюць. З другога квартала - зялёнае святло экадамам любой складанасці. 

Ала Кузьмянкова, намеснік галоўнага тэхнолага па дрэваапрацоўцы РУП "Завод газетнай паперы": "Робім каркасна-панэльныя дамы ўжо ў сваім цэху - гатовыя панэлі - так званы канструктар, які патанняе і памяншае тэрміны будаўніцтва, за кошт чаго і патанняе квадратны метр жылля. А таксама - брусавыя дамы, якія можна сабраць, як канструктар "Лега". Кожная дэталь прапісаная. Яе даўжыня, маркіроўка. І па распрацаваных у канструктарскім аддзеле схемах можна сабраць ваш брусовы дом практычна двум-тром чалавекам". 

Да канца года будзе вырашаная і асноўная праблема завода - бракаванае абсталяванне заменяць, завод выйдзе на поўную магутнасць.

Адзінае, што Прэзідэнт просіць і патрабуе ад калектыву - варушыцца. Агрэсіўна займаць пакуль вакантныя рынкі (відэа).

І яшчэ пытанне ад завадчан - аб навінах і газетах. Што чытаеце, які лёс друкаванага слова? (відэа).

Калектыў такія шчырыя і даверныя зносіны ацаніў па годнасці. І яшчэ раз запэўніў: не падвядзем. Як вэксаль на абавязацельства - блізкая кожнаму шклаўчаніну Трафімава крыніца ў падарунак - сімвалічна ў дрэве.

Далей - праблемныя гаспадаркі Шклоўшчыны. Першым па маршруце - мясцовы масларобны завод. Інспекцыя раптоўная, будынкі старыя, але парадак і чысціня тут узорныя. Камень спатыкнення - спрэчка з суседам, прыватнікам. На дваіх дзеляць адну невялікую пляцоўку ў горадзе і адну сыравінную зону. Ёсць прапанова аб'яднаць вытворчасці. Прэзідэнт не супраць. Але пытанне для яго не ў форме ўласнасці, а ў выніку. Хто гатовы цягнуць больш - для людзей, раёна і вобласці па рабочых месцах, падатках і зарплатах - той і застанецца далей працаваць на рынку (відэа). 

На гэтай жа пляцоўцы паднімаюць праблему жывёлагадоўлі. На Магілёўшчыне зафіксаваны падзеж жывёлы, не масавы, але адчувальны. Рэакцыя імгненная - пракурору раёна Прэзідэнт нагадвае: вы тут галоўны кантралёр, ваш абавязак не прыкрываць кіраўніка раёна або губернатара, а аператыўна разбірацца і на месцы вырашаць праблему. Трэба - падключайце Мінск, аж да кіраўніка адміністрацыі. Ратуе пракурора толькі тое, што на пасадзе яна ўсяго пару месяцаў. Але іншым калегам у сіняй форме даручэнне ўлічыць абавязкова (відэа).

Фінальнае месца раптоўнай прэзідэнцкай інспекцыі - мясцовы льнозавод. Ёсць праблемы і з сырцом (кароткае валакно), і з тэхналогіяй. Частка абсталявання патрабуе аператыўнай замены - інакш у брак ідзе нават добрае доўгае валакно. Даручэнне Прэзідэнта - пралічыць эканоміку: калі выгадна, сыравіну можна перакінуць, напрыклад, у Оршу. Галоўнае ведаць - якая цана пытання. Губернатар запэўнівае: тэхніку падлатаем самі і аператыўна.

У цэлым Шклоўшчына пакідае добрае ўражанне. Раптоўнай праверкі людзі не страшацца - працуюць на сумленне. Не без праблем, але з гарачымі вачамі і перакананасцю - ні калектывы, ні дзяржава ў цэлым сваіх інтарэсаў не здадуць. Такая сапраўдная народная ўпэўненасць і ўпартасць. 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя