Ганна Сола - пераможца спрынтарскай гонкі на этапе Кубка свету ў Хохфільцэне, у Антона Смольскага бронза ў мужчынскім спрынце

10 декабря 2021

Першая вышэйшая прыступка п'едэстала для беларускіх біятланістаў у бягучым сезоне! Ганна Сола ўзяла золата ў спрынце на трэцім этапе Кубка свету ў аўстрыйскім Хохфільцэне. Яна ідэальна прайшла абодва агнявыя рубяжы, без промахаў, і ў выніку ніхто не змог пацясніць нашу спартсменку з першай пазіцыі. Для Солы гэта ўжо трэці подыум у сезоне. У шведскім Эстэрсундзе ў аналагічнай гонцы Ганна размясцілася на трэцім радку і выйграла серабро ў складзе жаночай эстафеты.

Ганна Сола - пераможца спрынтарскай гонкі на этапе Кубка свету ў Хохфільцэне

Алімпійская чэмпіёнка Пхёнчхана Дзінара Алімбекава размясцілася ў выніковым пратаколе на 8 месцы. Яна дапусціла адзін промах.

У Антона Смольскага бронза ў мужчынскім спрынце

Адкрывалі ж праграму трэцяга этапа мужчыны. І ўпершыню з 2016 года беларускі біятланіст падняўся на п'едэстал. Бронзавую ўзнагароду прымерыў Антон Смольскі. Са снайперскай дакладнасцю беларус пераадолеў абодва агнявыя рубяжы, а дзякуючы высокай хуткасці па дыстанцыі здолеў фінішаваць на трэцяй пазіцыі, саступіўшы пераможцу - немцу Ёханесу Кюну 20,5 секунды. З паспяховым выступленнем нацыянальную каманду павіншаваў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што перамога Ганны Солы і бронзавы поспех Антона Смольскага - заканамерны вынік шматгадовых трэніровак, упарстасці і мэтанакіраванасці. 

Заўтра ў біятлоне гонка праследавання. У 14:05 прамая трансляцыя пачнецца на "Беларусь 5", а ў 16:05 з нецярпеннем чакаем жаночую эстафету.