Прэзідэнт правёў шэраг рабочых сустрэч

27 апреля 2017

Шырокі спектр эканамічных пытанняў Кіраўнік дзяржавы абмеркаваў з кіраўніком Банка развіцця.

Сяргей Румас узначаліў фінансавую арганізацыю ў 2012 годзе. Аляксандр Лукашэнка заслухаў яго даклад аб выніках працы Банка развіцця, а таксама даччыных прадпрыемстваў. Была разгледжана і сітуацыя ў сферы дрэваапрацоўкі - завершана распрацоўка новай пяцігадовай стратэгіі развіцця гэтай сферы.

Дрэваапрацоўчы холдынг у Беларусі створаны амаль год таму. У кіраванне Банку развіцця перайшлі 9 прадпрыемстваў. Асноўная задача - палепшыць фінансавы стан галіны. У мадэрнізацыю дзяржава ўклала больш за мільярд долараў, таму ўвага пільная.

Перспектывы дрэваапрацоўчай галіны абмяркоўваліся і падчас нядаўняй рабочай паездкі Кіраўніка дзяржавы ў Гомельскую вобласць. Прэзідэнт наведаў прадпрыемства “Рэчыцадрэў”.

Банк развіцця ў бягучым годзе разлічвае вывесці холдынг на рэнтабельную працу.

Сярод разгледжаных сёння на сустрэчы пытанняў была і тэма адраджэння Палесся, адкуль, дарэчы, родам кіраўнік Банка развіцця. Прэзідэнт закрануў таксама пытанні севазвароту на меліяраваных землях. Як паказвае вопыт гэтага года, не ўсё было зроблена правільна.

Па выніках сустрэчы Кіраўнік дзяржавы адобрыў асноўныя палажэнні новай стратэгіі развіцця дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. Нямала гаварылі і пра сямейны капітал, развіццё аграсядзіб, а таксама праект "Школьны аўтобус".

Сяргей Румас, старшыня праўлення Банка развіцця Беларусі: "Кіраўнік дзяржавы быў праінфармаваны аб выкананні функцый сацыяльнай адказнасці Банка развіцця. У прыватнасці, Прэзідэнт цікавіўся праектам "Школьны аўтобус", які павінен быць завершаны ў 2017 годзе. За пяць гадоў Банк развіцця з улікам закупкі 2017 года даў абласцям для перавозкі дзяцей у буйныя населеныя пункты 330 школьных аўтобусаў. Цана гэтага пытання для Банка развіцця ў эквіваленце $20 мільёнаў".

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка даў даручэнні па рэалізацыі Банкам развіцця іншых праектаў, якія тычацца аховы здароўя і навучальнага працэсу ў школах.

І сёння Прэзідэнт Беларусі прыняў з дакладам старшыню КДБ. Валерый Вакульчык далажыў Аляксандру Лукашэнку аб становішчы ў сферы знешняй і ўнутранай бяспекі. Былі дадзены ацэнкі фактарам, якія ўплываюць на развіццё сітуацыі ў краіне.

Валерый Вакульчык праінфармаваў Прэзідэнта, як развіваецца становішча ў сферы нацыянальнай бяспекі, якія выклікі ў гэтай сувязі сёння стаяць перад дзяржавай.