Як выбраць прыгожы і бяспечны феерверк

30 декабря 2018

Якое ж свята без маляўнічай феерыі? Запуск навагодніх салютаў - даўняя традыцыя. Як правесці час бяспечна, раскажа Лізавета Лакотка.

Хто ж можа ўявіць Новы год без маляўнічай феерыі? Яркія ўзоры, радасць і настрой. Адным дастаткова паглядзець, другія хочуць асабіста прыкласці руку да стварэння шоу.

Напярэдадні зімовых святаў міліцыя надае асаблівую ўвагу пунктам рэалізацыі піратэхнікі. Усё дзеля бяспекі. Галоўнае - ліквідаваць падпольныя продажы і шэрыя тавары. Паводле звестак МУС, па краіне канфіскавана больш за 7 мільёнаў выбуховых вырабаў.

Абавязковае патрабаванне - на выраб павінен быць сертыфікат якасці. Выпрабаванні праводзіць Інстытут парашковай металургіі. Прадукцыя праходзіць некалькі стадый кантролю. Гэта ўстойлівасць да кліматычнага ўздзеяння, гукавая моц, а таксама памер полымя і адлегласць, на якую разлятаюцца часціцы зарада.

Прадаваць піратэхніку можна пакупнікам, якія дасягнулі 15-гадовага ўзросту. Гэтае абмежаванне аб'ектыўнае, бо ў першую чаргу траўмы атрымліваюць дзеці. Па словах медыкаў, сур'ёзных калецтваў ад петардаў пакуль зафіксавана не было. Але наперадзе навагодняя ноч.

Зарад можа здэтанаваць і ў руках, а гэта не жарты. Сіла выбуху такая, што пазбаўляе чалавека пальцаў. Напрыклад, у святочныя дні 2018 года траўмы атрымалі 6 дзясяткаў чалавек. У некаторых пацярпелых раненні былі не сур'ёзныя, ім аказалі меддапамогу на месцы. Іншым давялося правесці святочныя выхадныя ў бальніцы. Выснова напрошваецца адна - ніякая феерыя такіх наступстваў не вартая. І ўсё ж канчатковы выбар робіць спажывец. Ці абыдзецца Новы год без сумных наступстваў, перш заўсё залежыць ад нас саміх.