Ідзе падрыхтоўка да этапа Кубка свету па шорт-трэку

2 Лютага 2017

Сорак кіламетраў за гадзіну - з такой хуткасцю выпісваюць віражы на лёдзе аматары шорт-трэка. Гэта канькабежны спорт. Даўжыня круга ўсяго 111 метраў. Спаборніцтвы звычайна праходзяць на хакейнай пляцоўцы. На наступным тыдні Мінск упершыню прыме этап Кубка свету па шорт-трэку. Дарэчы, у сталіцы існуе толькі адзіная школа для падрыхтоўкі такіх спартсменаў. Як праходзіць трэніроўка, ведае Аляксандра Кавеліч.

Зараз Ягор Дамарацкі рыхтуецца да выступлення на юнацкім алімпійскім фестывалі. У свае 16 ён майстар спорту. За лічаныя секунды развівае хуткасць да 45 кіламетраў за гадзіну і смела пераадольвае крутыя віражы - асноўныя элементы шорт-трэка.

«Шорт-трэк» перакладаецца як «кароткая дарожка». Гэта і вызначае галоўную асаблівасць – даўжыня круга тут усяго 111 метраў замест 400 як у канькабежным спорце. А яго радыус меншы ўтрая.

У адзінай у сталіцы школе спартсмены пачынаюць асвойваць майстэрства катання на каньках з васьмі гадоў.

Праходжанне віражоў і нават слізганне спачатку адпрацоўваюць на падлозе, каб сфарміраваць правільную тэхніку і пазбегнуць траўм.

Экіпіроўка для шорт-трэка ўключае шмат элементаў. Абавязкова шлем, пратэктар для шыі і пальчаткі. У іх на кожным пальцы спецыяльныя жорсткія наклейкі. Яны патрэбныя для таго, каб спартсмены маглі абаперціся на лёд і не страцілі раўнавагу падчас праходжання складаных паваротаў.

Камбінезоны спартсменаў наогул нагадваюць браню. Трывалы матэрыял засцерагае ад парэзаў вострымі лёзамі канькоў. Дарэчы, яны ў шорт-трэку таксама асаблівыя.

На кароткай дарожцы спартсмен ўсяго некалькі крокаў рухаецца па прамой, пасля ўваходзіць у рэзкі паварот. Важна тут і камандная работа нават у асабістых стартах.

Дынаміка і відовішчнасць стартаў робіць гэты від спорту прывабным для гледачоў і цікавым для спартсменаў. Пераканацца ў гэтым можна будзе з 10 па 12 лютага, калі сталіца ўпершыню прыме этап Кубка свету па шорт-трэку.