Прэзідэнт сустрэўся з міжнароднымі суддзямі і распавёў пра будучыя змяненні ў Канстытуцыі Беларусі

31 мая 2019

Беларусь актыўна працуе над стварэннем абноўленай Канстытуцыі - яна з'явіцца неўзабаве, і гэта будзе альбо новы асноўны закон, альбо ў дзеючы занясуць праўкі. Пра гэта сёння распавёў Прэзідэнт Беларусі падчас размовы з міжнароднымі суддзямі. Восем кіраўнікоў канстытуцыйных храмаў правасуддзя Еўропы і Азіі змаглі пагаварыць з Аляксандрам Лукашэнкам у давернай і спакойнай атмасферы. Не меней важным дыялог выдаўся і для Кіраўніка дзяржавы. Бо 2019 год - юбілейны для ключавога дакумента краіны. Калі яго прымалі, Беларусь была на парозе эканамічных і палітычных катаклізмаў. Таму пры напісанні асноўнага закона ў 90-я абапіраліся на вопыт краін з сур'ёзнай прававой гісторыяй: Францыі, Германіі, ЗША. Аднак радкі Канстытуцыі дыктаваліся і жорсткімі рэаліямі таго часу, калі на паліцах магазінаў не было нічога, а краіна знаходзілася ля прорвы.

Такая размова - яшчэ і добрая магчымасць для замежных гасцей разабрацца, якая Беларусь насамрэч, а не ў артыкулах і каментарыях з Інтэрнэту. Дарэчы, сярод удзельнікаў сустрэчы і першы намеснік старшыні Венецыянскай камісіі, дзе Беларусь - асацыяваны член з 1994 года. Займаецца камісія міжнародным канстытуцыйным правам і яго развіццём. За апошнія дзесяць гадоў гэты еўрапейскі камітэт і наша краіна правялі шэраг міжнародных канферэнцый. Мэта - развіць і ўмацаваць прававую працу судоў і асноўных законаў краіны. Без моцнага юрыдычнага ядра ўвесь механізм пад назвай "дзяржава" пазбаўляецца балансу.

Хёрдыс Таргейрсдотыр, першы намеснік старшыні Венецыянскай камісіі: "Ваш Прэзідэнт разумее, і мы бачылі гэта на сённяшняй сустрэчы, як важна падтрымліваць дэмакратычнасць у краіне. Беларусь - сацыяльна-дэмакратычная прававая дзяржава, і вельмі важна, каб у такой дзяржаве забяспечвалася вяршэнства права. У любой краіне правы чалавека павінны быць у цэнтры ўвагі, сэрцам дэмакратыі. У дыскусіі, якая адбылася паміж мной і спадаром Прэзідэнтам, неаднаразова рабіўся акцэнт на важнасці грамадскіх абмеркаванняў".

Адзначым, кіраўнікі міжнародных канстытуцыйных судоў таксама прымаюць удзел у канферэнцыі, прысвечанай юбілею нашага галоўнага дакумента. На семінар прыехалі арбітры і госці з дзясятка краін, сярод іх Расія, Чэхія, Казахстан, Латвія і Азербайджан. Гэтае мерапрыемства мае вялікае значэнне, таму што ў такіх спрэчках і дыялогах нараджаецца новы погляд і падыход да прававых норм. Бо не сакрэт, што многія краіны перажываюць крызіс: законы многіх дзяржаў не гатовыя да выклікаў часу, як, напрыклад, міграцыйны крызіс у ЕС. А значыць, канстытуцыйнае правасуддзе здольна і павінна развівацца не толькі ў рамках адной дзяржавы, але і ўсёй Еўропы. Толькі так можна вырашыць глабальныя пытанні, лічаць эксперты.