Прэзідэнт прыняў з дакладам старшыню Мінгарвыканкама

11 марта 2019

Комплекснае развіццё Мінска абмяркоўвалі сёння ў Палацы Незалежнасці. Кіраўнік дзяржавы прыняў з дакладам старшыню Мінгарвыканкама.

На парадку дня адразу некалькі надзённых пытанняў - ад аб'ёмаў будаўніцтва і яго кошту да развіцця Нацыянальнага аэрапорта. Так, Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб неабходнасці ўводу ў эксплуатацыю другой узлётна-пасадачнай паласы ўжо гэтай вясной. А на працягу 2019-20 гадоў павінна быць запушчаная электрычка, якая звяжа Мінск з паветранай гаванню. Галоўнае пытанне сённяшняй размовы - будаўніцтва. Паводле слоў Прэзідэнта, дзяржава будзе прытрымлівацца курсу на штогадовае скарачэнне аб'ёмаў узвядзення жылля ў сталіцы. Прыярытэт - гарады-спадарожнікі. Але адначасова з будаўніцтвам дамоў, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, важна надаць увагу развіццю транспарту і стварэнню рабочых месцаў.

Асобная ўвага цане квадрата. Кіраўнік дзяржавы даручыў вывучыць вопыт працы Завода эфектыўных прамысловых канструкцый. Некалькі гадоў таму Прэзідэнт дазволіў выдзеліць прадпрыемству неабходныя будаўнічыя пляцоўкі, а арганізацыя ўзводзіла жыллё з рэнтабельнасцю не вышэй за 5%. Такія кватэры мінскім чаргоўнікам абышліся танней. Калі эксперымент атрымаўся, неабходна яго працягнуць. "Недапушчальна, каб людзі пераплачвалі за свае квадраты", - адзначыў Прэзідэнт.