Прэзідэнт Беларусі падвёў першыя вынікі года

30 декабря 2016

Ужо пасля віншаванняў і цёплай гутаркі рэпарцёры задалі Кіраўніку дзяржавы некалькі пытанняў. Сусветныя падзеі, якія не могуць не ўплываць на Беларусь, снежаньскія кадравыя рашэнні, Год культуры і мары Прэзідэнта пад Новы год. У гэтых імправізаваных зносінах прагучалі першыя вынікі года, якія падвёў беларускі лідар. З падрабязнасцямі - Вольга Макей.

Да доўгачаканага свята Новага года застаецца ледзь больш за суткі. Гэта час, калі ва ўсім свеце аналітыкі, эксперты і журналісты падводзяць вынікі 2016-га. Рэпарцёры, якія суправаджалі Кіраўніка дзяржавы ў гэтай, хоць і рабочай, але вельмі душэўнай паездцы ў Мінскую вобласць, знайшлі момант, каб даведацца, якім адыходзячы год запомніцца беларускаму лідару.

Аляксандр Лукашэнка адказваць на пытанні журналістаў ніколі не адмаўляецца.  Так было і гэтым разам. Імправізаваныя зносіны атрымаліся невялікім падвядзеннем першых вынікаў года.

2016-ы. Для Беларусі ён запомніцца парламенцкімі выбарамі, павышэннем пенсійнага ўзросту, планамі і мэтамі на будучую пяцігодку, новымі рублямі. А яшчэ ў нас з'явіўся свой спадарожнік сувязі і рэактыўная сістэма "Паланэз".

А вось у спісе самых гучных падзей планеты, вядома, і перамога Дональда Трампа на выбарах у ЗША. Выконваць свае абавязкі абраны прэзідэнт пачне ўжо ў студзені, пасля інаўгурацыі.

"Брэксіт" - гэта новае слова ў геапалітычным слоўніку, таксама родам з 2016-га. Падчас рэферэндуму ў Брытаніі больш за палову жыхароў Туманнага Альбіёна вырашылі, што краіна павінна пакінуць Еўрасаюз. Чым павярнецца гэтае рашэнне для Еўропы - пакажа ўжо 2017-ы.

А яшчэ была Алімпіяда ў Рыа і неадназначныя допінгавыя скандалы, пасля якіх гаварыць пра тое, што спорт па-за палітыкай, стала куды больш складана.

Зрэшты, гэты высакосны год апраўдаў сваю каляндарную назву. Тэракты ў Ніцы, Бруселі, Берліне... Спроба ваеннага перавароту ў Турцыі. Страты, распальванне новых канфліктаў і актывізацыя старых. Словам, 2016-ы канчаткова запэўніў у тым, што галоўнае ў гэтым свеце - мір.

Вядома, звярнулі ўвагу журналісты і на сур'ёзныя кадравыя перастановы. У снежні - адразу тры блокі ключавых прызначэнняў, прычым упор - на сацыяльную сферу. Новыя міністры адукацыі, працы і сацыяльнай абароны. Экс-віцэ-прэм'ер Наталля Качанава, якая займалася ва ўрадзе менавіта сацыяльнымі пытаннямі, узначаліла Адміністрацыю Прэзідэнта. А на яе месца ў Саўміне прызначаны дасведчаны Васіль Жарко, на пасадзе міністра ён пратрымаўся даўжэй за астатніх - 10 гадоў. Словам,  упор менавіта на сацыяльную сферу, якая была і будзе ў цэнтры ўвагі дзяржавы.

2016-ы ў Беларусі - Год культуры.  Ён запомніцца з'яўленнем Кодэкса аб культуры.  Такога збору правіл, якія спрашчаюць працу людзей ад мастацтва, няма на прасторы СНД. Унікальны дакумент уступіць у сілу ў лютым.

А яшчэ быў юбілейны - 25-ы - "Славянскі базар", рэкордны лік дзяржаў-удзельнікаў - 45 - і разуменне, што ідэя славянскага адзінства праз мастацтва здольная збліжаць кантыненты.

Юбілей песняра Мулявіна, у 2016-м яму споўнілася б 75, і 125-годдзе Максіма Багдановіча. Зрэшты, беларускае слова будзе гучаць і ў надыходзячым годзе.  Кнігадрукаванне адзначыць 500-гадовы юбілей. Але, на жаль, у сферы культуры за папярэднія 366 дзён вялікіх дасягненняў не адбылося, акцэнтуе ўвагу Прэзідэнт. І гэта пасыл у першую чаргу навукоўцам, 2017-ы аб'яўлены Годам навукі.

Новы год для ўсіх - адно з самых доўгачаканых святаў. Гэта час, калі прынята дарыць падарункі і здзяйсняць мары. Вось і Прэзідэнт, як і ўсе беларусы пад бой курантаў,  напэўна,  таксама загадае жаданне.

Гавораць, Новы год - час падводзіць вынікі і строіць планы на будучыню. Якім быў 2016-ы і чаго чакаць у наступным годзе - Прэзідэнт  распавядзе ў  навагоднім звароце. Традыцыйна - у ноч з 31-га на 1-га,  за некалькі хвілін да апоўначы.