Прэзідэнт Беларусі накіраваў віншаванні замежным калегам з 75-годдзем Вялікай Перамогі

9 мая 2020
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванні замежным калегам з 75-годдзем Вялікай Перамогі.  Пасланні Кіраўніка дзяржавы адрасаваныя лідарам краін постсавецкай прасторы, а таксама дзяржаў, якія ўваходзілі ў антыгітлераўскую кааліцыю, вядомым палітычным дзеячам, кіраўнікам інтэграцыйных структур.

У віншавальным пасланні Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну Кіраўнік дзяржавы адзначыў:  "Неацэнны ўклад у агульную перамогу над фашызмам беларусаў і расіян. Мы ганарымся сілай духу і бяспрыкладнай мужнасцю доблесных воінаў і работнікаў тылу. Схіляем галовы перад тымі, хто аддаў жыццё за Бацькаўшчыну. Перакананы, што адзінства, сяброўства і ўзаемадапамога нашых народаў, правераныя ў найцяжэйшых выпрабаваннях ваеннага часу, застануцца непарушнай асновай для далейшага стратэгічнага развіцця беларуска-расійскага партнёрства", - гаворыцца ў віншаванні.

У віншаванні Старшыне КНР Сі Цзіньпіну Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адвага і гераічнасць беларускага і кітайскага народаў у вызваленчай барацьбе атрымалі сусветнае прызнанне. Абедзве краіны ўвайшлі ў спіс дзяржаў - заснавальнікаў ААН. 

"Мінск і Пекін памятаюць урокі гісторыі і доблесны подзвіг пераможцаў, свята паважаюць памяць загінуўшых і супрацьстаяць любым спробам скажэння падзей. Перакананы, што мы і надалей сумеснымі намаганнямі будзем спрыяць захаванню міру і аб'яднанню міжнароднай супольнасці перад тварам новых выклікаў і пагроз".

Таксама Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншавальныя пасланні лідарам ЗША, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана, Украіны, Грузіі, а таксама Вялікабрытаніі і Францыі. 

У адрас Аляксандра Лукашэнкі і беларускага народа таксама паступаюць шматлікія віншаванні з гадавінай Перамогі ад кіраўнікоў краін блізкага і далёкага замежжа, вядомых палітычных дзеячаў.