Пенсіённая сістэма. Як забяспечыць годную старасць

7 февраля 2016

Працаваць цывілізавана - гэта значыць яшчэ і плаціць падаткі, каб з поўным правам хадзіць да ўрача або адводзіць у школу дзяцей.

А яшчэ гэта значыць быць спакойным за сваіх бацькоў, адлічваючы працэнт у пенсіённы фонд. Наш агульны кашалёк таўсцей не становіцца, і ў грамадстве прыходзяць да таго, што мяняць нешта ў пенсіённай сістэме давядзецца.

Як забяспечыць годную старасць сабе і сваім блізкім?

Спытаемся ў нашага эканамічнага аглядальніка Сяргея Воляка.

Пенсіённая сістэма нам дасталася ў спадчыну ад Савецкага Саюза. І ў сваёй фундаментальнай частцы засталася нязменнай. У аснове так званы прынцып салідарнасці пакаленняў. Гэта значыць грошы, якія мы зараз пералічваем, адразу ідуць на выплату пенсій цяперашнім пенсіянерам.

А пенсія тым, хто працуе сёння, будзе выплачвацца з узносаў, зробленых ужо ўнукамі-праўнукамі. Дык вось, калі нічога не змяніць, унукам і праўнукам давядзецца працаваць вельмі напружана, каб пракарміць пенсіянераў.

Калі зараз на пецярых працаздольных прыпадаюць два пенсіянеры, то, паўтаруся, калі не змяніць узрост выхаду на пенсію, у 2035-м ужо тры пенсіянеры на пецярых працаздольных.

А да 2050-га на чатырох працаздольных грамадзян будуць прыпадаць тры пенсіянеры. Зразумела, што пенсіённая сістэма не зможа працаваць у такіх умовах. Якімі б працавітымі не былі нашы ўнукі, яны проста не заробяць столькі.

Паглядзіце, калі ў 2013 годзе выдаткі пенсіённага фонду - гэта 9% ВУП, то да 2050 года яны складуць 20% ВУП. І калі камусьці здаецца, што 2035-ы і 2050-ы гады - гэта вельмі далёкая перспектыва, я падкрэсліваю: гэта крайнія тэрміны, калі пенсіённая сістэма будзе ўжо ў стане паралічу. А вось адчуваць несуразмернасць пенсіённых выплат мы пачнем значна раней.

Вельмі пераканаўча аб гэтым гаворыцца ў даследаванні "Фінансавая дыета", якое было прэзентаванае на тыдні. Зараз бурна абмяркоўваецца. Ідэйным натхняльнікам і навуковым рэдактарам яго выступіў памочнік Прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды. Але пікантнасць у тым, што большасць ідэй далёкія ад афіцыйна прынятых.

Вось што нам расказала даследчык Кацярына Барнукова, якая стала аўтарам раздзела "Пенсіённая сістэма" ў гэтым даследаванні "Фінансавая дыета".

Кацярына Барнукова, вядучы даследчык Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра, Beroc:

"Мы палічылі, што калі да 2020 года нічога не зменіцца ў пенсіённай сістэме Беларусі, то дэфіцыт бюжету ФСЗН будзе складаць ужо больш чым 2% ВУП. Гэта вельмі істотна. Гэта параўнальна з выдаткамі на адукацыю і ахову здароўя на сённяшні дзень. Вялізны дэфіцыт будзе ўтварацца".

А як у іх? У 55 жанчына-пенсіянерка - гэта нармальна для Еўропы і іншых краін?

У тым і справа, што ў 55-60 жанчыны-пенсіянеркі ў Еўропе не знайсці. Раней за беларусаў, расіян і ўзбекаў на пенсію не выходзяць нідзе ў свеце. Найбліжэйшыя суседзі – Польшча, Літва - ужо на 5 гадоў пазней. Ну і старыя буйныя заходнія эканомікі: 65, 67 гадоў - Германія, 68 гадоў Вялікабрытанія. Вось што гавораць даследчыкі.

Кацярына Барнукова, вядучы даследчык Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра, Beroc:

"Выйсця насамрэч з гэтага два з улікам нашай размеркавальнай сістэмы. Альбо прыйдзецца зніжаць пенсіі, альбо павышаць пенсіённы ўзрост. Іншага выйсця ў нас па сутнасці няма".

І ў прынцыпе аб'ектыўныя ўмовы складваюцца для павелічэння пенсіённага ўзросту.

У 1999 годзе працягласць жыцця мужчын складала ўсяго 62 гады. У 2011-м пачала рэзка расці. Ужо ў 2013 годзе чаканая працягласць жыцця пры нараджэнні склала больш чым 67 гадоў для мужчын і амаль 80 для жанчын.

Паводле статыстыкі, у першыя тры-чатыры гады пасля выхаду на пенсію працягваюць працаваць 50% мужчын і 60% жанчын. Гэта значыць, з аднаго боку, яны знаходзяцца ў дастатковай фізічнай форме, каб працягваць працаваць з ранейшай інтэнсіўнасцю. З другога боку, за іх трымаюцца работадаўцы, таму што гэта кваліфікаваныя кадры.

Ну і што да стратэгіі павышэння пенсіённага ўзросту. Гэта вялікая асобная гутарка. Напрыклад, у Літве пенсіённы ўзрост павялічваецца штогод на некалькі месяцаў і на працягу 10 гадоў прыйдзе да лічбы 65.

Польшча такім жа чынам рухаецца да планкі 67 гадоў. У Расіі ўжо сёлета плануецца павысіць пенсіённы ўзрост да 65 гадоў як для мужчын, так і для жанчын. Але пакуль змагаюцца дзве канцэпцыі: Мінфін Расіі настойвае, што зрабіць гэта трэба ў адзін момант ужо сёлета. Іншы варыянт - расцягнуць павышэнне на тры гады, да 2018-га.