Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 снежня здзейсніць рабочы візіт у Расію

24 декабря 2018

Заўтра на перамовах у Маскве з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным будуць падведзеныя вынікі беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў гэтым годзе, разгледжаныя найболей актуальныя задачы двухбаковага ўзаемадзеяння на найбліжэйшую перспектыву. Асаблівую ўвагу кіраўнікі дзяржаў нададуць развіццю ўзаемавыгадных адносін у гандлёва-эканамічнай сферы з акцэнтам на рэалізацыі ранейшых дамоўленасцяў у інтэграцыйных фарматах.

Палітыкі і эксперты дзвюх краін не хаваюць: перамовы будуць няпростымі. У прыватнасці, за гэтыя некалькі дзён да Новага года бакі разлічваюць зняць нявызначанасць у пытанні падатковага манеўру. Гэта, па сутнасці, расійскія прэферэнцыі свайму нафтаваму сектару. Для Беларусі яны павярнуліся ўжо стратай амаль чатырох з паловай мільярдаў долараў, а да 2025 года могуць каштаваць яшчэ каля 10 мільярдаў. Пры гэтым папярэднія рашэнні па кампенсаванні беларускіх страт былі распрацаваныя раней, але іх выкананне затрымліваецца.

Каб яшчэ раз расставіць акцэнты ў нацыянальнай перагаворнай пазіцыі, сёння Прэзідэнт правёў нараду з ключавымі фігурамі эканамічнага блока ўрада. Наша пазіцыя паслядоўная і не выходзіць за рамкі саюзных дамоў і пагадненняў. Гэта адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Наадварот, Беларусь настойвае на іх безумоўным выкананні і выступае супраць стварэння новых дубляваных і фармальных рашэнняў, якія толькі зацягваюць і адкладаюць справядлівую інтэграцыю. Найважнейшыя тэзісы і меркаванні экспертаў перад вырашальнымі перамовамі ў Маскве сабраў наш палітычны аглядальнік Андрэй Крывашэеў.

Не завяршаць чарговы год саюзнай інтэграцыі з буйнымі нявырашанымі пытаннямі. Тым больш што прынцыповая згода і дамоўленасці ўжо замацаваныя насычаным парадкам сустрэч 2018 года ад Сочы да Магілёва, ад Брэста да Санкт-Пецярбурга. Менавіта такой логікі прытрымліваецца Беларусь, разлічваючы падсілкаваць дух і літару саюзнага дагавора пэўнымі механізмамі рэалізацыі і выканальніцкай дысцыплінай. Рашэнні няпростыя, аргументы бакоў вядомыя, так што сённяшняя нарада ў Мінску перад сустрэчай у Маскве - гэта крышталізацыя нацыянальнай пазіцыі з аглядкай на ўвесь гэты год і з прыцэлам мінімум на год наступны.

Пра тое, што бакі маюць намер вырашыць усе назапашаныя пытанні, прычым сёлета, красамоўна гаворыць сама дата сустрэчы. З аднаго боку, шкада, што рашэнне дацягнулі да Раства, з іншага - не адкладаць жа яшчэ на месяц. Бо і адкрыта, і неафіцыйна Расія сыдзе на зімовыя канікулы аж да старога Новага года. Для інтэграцыйнай мадэлі, сістэмнай і планавай, як падкрэслівае Прэзідэнт, гэта занадта доўга.

На сустрэчах і перамовах усіх узроўняў Беларусь нязменна адсылае саюзнікаў да асноў інтэграцыйных праектаў - гэта роўныя ўмовы для ўсіх суб'ектаў гаспадарання і адмова ад дыскрымінацыі на карысць сваіх камерсантаў. Тым больш што, падпісаўшы саюзны дагавор, усе, уключаючы Расію, пагадзіліся: чужых у межах Саюзнай дзяржавы і еўразійскай "пяцёркі" больш няма. А галоўны інтэграцыйны кірунак - гэта рух да агульных рынкаў і адзіных умоў.

На жаль, у нашай рэальнасці ў пагадненняў часта кульгае выканальніцкая дысцыпліна.

Эксперты тлумачаць гэта так: выбіваючы для сябе аднабаковыя прэферэнцыі, лабісты максімальна цягнуць з іх скасаваннем. Як інструмент выкарыстоўваюць новыя і новыя дубляваныя праекты і рашэнні - звычайны бюракратычны ход.

Георгій Грыц, намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі:

"Закранаецца некалькі пытанняў: рынак адзіны электраэнергетычны, пытанне цаны нафты, пытанне падатковага манеўру і цаны газу. Як ні дзіўна, яны ўсе аб'ектыўна завязаныя. Напрыклад, мы гаворым, што ў 2019 годзе завяршаецца фарміраванне адзінага энергетычнага рынку (з пункта погляду электраэнергіі). Але калі мы ўспамінаем і нагадваем нашым слухачам, што больш за 90 працэнтаў электраэнергіі ў нас здабываецца за кошт газу, а рынак газу ў нас будзе фарміравацца да 2024 года, то відавочна, што ў 2019 годзе мы не цалкам развязваем праблему".

Яркія прыклады такой цяганіны сёння на нарадзе ў Мінску прыводзіць Прэзідэнт. 20 месяцаў таму ў Санкт-Пецярбургу дамовіліся знайсці механізм кампенсацыі для Беларусі, распрацавалі не адну, а некалькі мадэляў, але ўсе яны захраснулі на этапе праектаў.

Самае адчувальнае для Беларусі - пытанне падатковага манеўру. Калі экспартную пошліну ў Расіі замяняюць падаткам на здабычу нафты, а нафтаперапрацоўку субсідзіруюць з бюджэту. У выніку для Беларусі расце цана самой сыравіны, і нашы НПЗ трапляюць у вельмі няроўнае і цяжкае становішча.

Як гэта спалучаецца з еўразійскімі абавязацельствамі Расіі? Дрэнна. У дагаворы ЕАЭС ясна напісана: у артыкуле трэцім - раўнапраўе і ўлік нацыянальных інтарэсаў саюзнікаў плюс гарантыя ўстрымлівацца ад мер, здольных паставіць пад пагрозу дасягненне мэт саюза.

Мэты прапісаныя ніжэй. У артыкуле 4. Гэта і стабільнасць, і дабрабыт людзей, і адзіныя рынкі, і павышэнне канкурэнтаздольнасці эканомік. Але калі ўмовы зараз апрыёры няроўныя і перспектыва 2025 года размытая, ці можна гарантаваць падтрымку такой інтэграцыі з боку людзей і бізнесу?

Ёсць у еўразійскім дагаворы і артыкул, які напроста забараняе дыскрымінацыю саюзнікаў любымі інструментамі - ад падаткаў да кампенсацый і субсідый. Гучыць ён так.

"У рамках функцыянавання ўнутранага рынку ва ўзаемным гандлі таварамі дзяржавы-члены не ўжываюць увазныя і вывазныя мытныя пошліны (іншыя пошліны, падаткі і зборы, якія маюць эквівалентнае дзеянне), меры нетарыфнага рэгулявання, спецыяльныя ахоўныя, антыдэмпінгавыя і кампенсацыйныя меры, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных гэтым Дагаворам".

Як бы хто ні ставіўся да нафты і газу, але для эканомікі гэта таксама тавар, які нічым не адрозніваецца ад станкоў, каўбасы або тэхнікі. А значыць, і рынкі вуглевадародаў павінны падпарадкоўвацца адзіным правілам. Павінны, але...

Звяраючы сёння чарговы раз перагаворныя пазіцыі з літарай і духам пагадненняў, беларуская дэлегацыя справядліва разлічвае, што саюзная логіка пераможа над лакальным камерцыйным інтарэсам. Бо ўзаемны кампраміс - гэта аснова любога ўстойлівага і даўгавечнага аб'яднання. Саюзы, якія выпрацоўваюць няроўнасць, нават у сусветнай практыцы клічуцца інакш.