Сёлета спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча

26 сентября 2016

Зусім нядаўна выcветлілася, што карані роду Шастаковічаў з беларускай зямлі. Упершыню на радзіме яго продкаў - у вёсцы Шэметава ў Мядзельскім раёне - арганізавалі канцэрт ў касцёле з удзелам студэнтаў і выкладчыкаў Акадэміі музыкі. Рэпартаж Ларысы Гулякевіч.

Музыка вялікага генія XX стагоддзя Дзмітрыя Шастаковіча гучала ў касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі у вёсцы Шэметава, што на Мядзельшчыне. Мястэчка было заснаванае яшчэ ў XV стагоддзі. Замежныя госці, мясцовыя улады, педагогі і студэнты Беларускай акадэміі музыкі, жыхары Шэметава і суседніх вёсак. Такая падзея тут праходзіць упершыню. Святочны канцэрт прымеркаваны да 110-годдзя славутага кампазітара.

Карані сусветна вядомага кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча паходзяць з беларускай зямлі. Яго прадзед Пётр Міхайлавіч нарадзіўся тут, у беларускім мястэчку Шэметава, напачатку ХІХ стагоддзя - у 1808 годзе. Звесткі аб тым, што тут нарадзіўся прадзед Шастаковіча, адшукаў грамадзянін Францыі, ураджэнец Беларусі, оперны выканаўца і сябар сям'і Шастаковічаў Аркадзь Валадось.

Творчасць Дзмітрыя Дзмітрыевіча Шастаковіча ўваходзіць у залаты фонд музычнага мастацкага свету. Яго творы выконваюцца на розных кантынентах і праслаўляюць музычнае мастацтва савецкай і расійскай школы. Славутасць - справа непрадказальная. Адзін чалавек сваім талентам можа праславіць свой род на некалькі стагоддзяў назад ці наперад.