Аб гатоўнасці навучальных устаноў і навацыях у сістэме адукацыі. Нарада Прэзідэнта з профільным міністрам

26 августа 2019
Літаральна тыдзень застаецца да пачатку новага навучальнага года. 2 верасня па ўсёй краіне прагучаць школьныя званкі. Час, вядома, вельмі хвалюючы  (камусьці ў першы клас), і гэта дадатковы стрэс-тэст для бацькоў. У кагосьці наперадзе адказны год -  падрыхтоўка да паступлення. Хвалююцца і педагогі, бо для больш  як 4 тысяч  гэта таксама будзе першы ўрок  і пачатак прафесійнай дзейнасці. Аб гатоўнасці навучальных устаноў, змяненнях у сярэдняй адукацыі, выніковай атэстацыі і іншых новаўвядзеннях  Кіраўніку дзяржавы сёння далажыў профільны міністр Ігар Карпенка. Практычна ўсе школы Беларусі ўжо гатовыя. Асаблівым  Дзень ведаў стане для 115  тысяч першаклашак. У іх  і вучняў іншых пачатковых і сярэдніх класаў  на партах з'явяцца і абсалютна новыя падручнікі. Гаварылі сёння таксама аб якасці вышэйшай адукацыі. Аляксандр Лукашэнка праанансаваў вялікую нараду па пытаннях удасканалення нацыянальнай адукацыі, у тым ліку  трэба будзе абмеркаваць адно з сур'ёзных пытанняў - магчымыя змяненні пры паступленні ў ВНУ. 

Ілона Красуцкая прадоўжыць тэму. Тыдзень перад новым навучальным годам, як правіла, праходзіць у мітусні. Бацькі і дзеці дзесьці яшчэ ў пошуках школьнай формы, канцтавараў. У студэнтаў і педагогаў іншыя перажыванні. Здавалася б,  планы звярстаныя, класы і аўдыторыі гатовыя, але гэта толькі верхавіна айсберга пад назвай "адукацыя". Адукацыя - тэма, якая ці інакш закранае кожную беларускую сям'ю. Абмеркаванні праходзяць не толькі сярод педагогаў, у аўдыторыях, але і дома на кухні. Размова  пастаянна аднаўляецца на вышэйшым узроўні. Якіх навацый хоча маладое пакаленне, Прэзідэнт сам часта пытаецца ў  юнакоў і дзяўчат асабіста. Таму даклад міністра адукацыі напярэдадні навучальнай кампаніі не здаецца чымсьці звышнатуральным - лагічны пункт у прэзідэнцкім графіку. 

Ігар Карпенка дакладвае: гатоўнасць школ 99,7 %. Такая дакладнасць таму, што там, дзе справа датычыцца самага дарагога - нашых дзяцей, дробязяў не бывае. У прыярытэце іх здароўе і бяспека. Спецыялісты праверылі сталовыя, вучэбныя класы, спартыўныя пляцоўкі, наяўнасць неабходнага інвентару. За парты ўпершыню сядуць 115 тысяч  першакласнікаў. Вядома, усе дзеці розныя, але школа - гэта не паказ мод. Вучні павінны ў першую чаргу туды ісці па веды, і ў той жа час маральна адчуваць сябе камфортна. Любы неабыякавы чалавек ведае, што лета - гэта яшчэ час для дабрачыннай акцыі "Партфель першакласніка". Ужо шмат гадоў добрая ініцыятыва аб'ядноўвае тысячы беларусаў. У буйным універмагу, гіпермаркеце дастаткова  набыць школьныя тавары. Алоўкі, ручкі, альбомы, пеналы - усё, што пакладуць у вялікі школьны кошык неабыякавыя людзі, возьмуць з сабой у клас дзеці з малазабяспечаных сем'яў. 

Бадай, для настаўнікаў зараз самы складаны тыдзень у годзе. Ім прыйдзецца здаць іспыт  да 2 верасня. Асабліва гэта датычыцца педагогаў 9-ых класаў. Сёлета яны будуць вучыць школьнікаў па новай праграме. Яе складалі, зыходзячы з анлайн-анкетавання саміх педагогаў. Менавіта па іх рэкамендацыях  скарачалі або дадавалі гадзіны па некаторых прадметах. Так, для беларускай сістэмы адукацыі зроблена нямала: абнавілі вучэбныя праграмы, разгрузілі школьнікаў, далі магчымасць у старэйшых класах вучням  самім выбіраць профіль,  бо не ўсім з іх спатрэбіцца ў жыцці хімія або матэматыка. Змянілася не толькі вокладка, але і змест падручнікаў. Тым не менш, крытыка ўсё яшчэ ў той ці іншай ступені гучыць ад педагогаў, бацькоў ды і студэнтаў. Многія дагэтуль скептычна ставяцца да цэнтралізаванага тэсціравання. Нездарма ж гавораць:  калі б жылі ў наш час Ван Гог або Моцарт,  наўрад ці яны здалі б ЦТ. Усё-такі за птушкамі ў тэстах не ўбачыць асобу. Словам, важна пачуць кожнага: спецыялістаў Мінадукацыі, бацькоў, будучых студэнтаў і прыйсці да адной роўніцы. Прэзідэнт прапаноўвае правесці вялікую нараду ўжо сёлета. 

Не толькі ў вышэйшай школы ёсць праблемы. Хапае незакрытых пытанняў і ў пачатковай, і  ў дашкольнай адукацыі. Дзесьці скаргі гучаць і ад педагогаў - шмат папяровай цяганіны, не ўсім  даспадобы грамадская нагрузка і адказнасць. Выклікае пытанні і аплата працы. Адукацыя імкліва сыходзіць у анлайн. У школах, якія плаўна пераходзяць на лічбу, рэальнымі, бадай, застаюцца толькі настаўнікі і веды. А вось адзнакі, заданні, падручнікі  віртуальныя. Тым не менш, унутранае правіла кожнай беларускай школы - абавязковы дыджытал-дэтакс: 45 хвілін без асабістага гаджэта. 

Да пытанняў удасканалення сістэмы адукацыі, відавочна, вернуцца зусім хутка. У Дзень ведаў Прэзідэнт традыцыйна віншуе хлопчыкаў і дзяўчынак, бацькоў і педагогаў. Не выключана, захоча  даведацца іх меркаванне адносна прапаноў, што прагучалі сёння. У гэтым навучальным годзе ў краіне адкрыюць 8 школ-новабудоўляў: дзве ў Мінску і Брэсце, па адной у Грoдне, Астраўцы, Барысаве і Магілёве. Адну з іх у сталіцы 2 верасня наведае Кіраўнік дзяржавы.