Белы бусел застаўся зімаваць у Драгічынскім раёне

29 января 2018

Цікавы выпадак адбыўся у Драгічынскім раёне. Тут застаўся зімаваць белы бусел. Усю восень птушка блукала па навакольных вёсках, але калі ўдарылі маразы, ледзь не загінула. Саслабелага бусла выявілі будаўнікі. Зараз ён жыве ў драўлянай хаце, грэецца ля вясковай печы і харчуецца па раскладзе. Вікторыя Патоня пра цудоўнае выратаванне.

На птушыным двары гэтага музея-сядзібы нядаўна з'явіўся незвычайны пастаялец. Па суседстве з фазанамі, качкамі і індыкамі пасяліўся белы бусел. Птушка не паляцела на поўдзень, а засталася зімаваць. Супрацоўнікі музея гавораць: саслабелага бусла да іх прывезлі. Але апетыт у Яшы аказаўся добрым. Зараз ён ідзе на папраўку.

Дзіўна, што людзей бусел не баіцца, вельмі дружалюбны і ўдзячны. Сам ідзе ў рукі. Практычна хатні гадаванец. Бо менавіта людзі выратавалі птушку, якая не змагла паляцець да Міжземнага мора, ад немінучай гібелі.

Бусел застаўся зімаваць бліжэй да людзей, паблізку вёскі Асаўцы. Трымаўся мясцовай фермы. Тым больш што тут працавала будаўнічая брыгада, узводзіла склад. Менавіта будаўнікі першымі і выявілі саслабелую птушку.

Бусел блукаў па наваколлях з восені. Будаўнікі прызнаюцца, часам нават падкормлівалі яго. Хто рыбай пачастуе, хто кавалачкам сала. На некалькі тыдняў брыгаду перакінулі на іншы аб'ект, яны не бачыліся з Яшам. А калі вярнуліся, выявілі знясіленага бусла. Небарака ўжо не стаяў на нагах, ледзь поўз.

Зараз бусел адчувае сябе лепш. Снедае і абедае па раскладзе, робіць лазневыя працэдуры і нават спрабуе ўзляцець. Паводле слоў арнітолагаў, птушка магла застацца зімаваць у Беларусі з-за недахопу энергіі, якая неабходная для працяглага пералёту. Зрэшты, апошні час усё больш буслоў застаецца на зімоўку.

Віктар Дзямянчык, намеснік дырэктара Палескага аграрна-экалагічнага інстытута НАН Беларусі: 

"Прырода таксама эксперыментуе, таму што сезоны зімовыя сталі адносна мяккія. Ужо шмат выпадкаў паспяховай зімоўкі буслоў. Прычым, без усялякіх хвароб і паталогій. Бусел каля меліярацыйных каналаў, калі не замярзае вада, берагі не пакрываюцца лёдам і снегам, добра перазімуе".

Яша застанецца зімаваць на этнасядзібе. Тут яго ўжо паспелі палюбіць. Спецыялісты гавораць, у такога прыручанага бусла ёсць усе шанцы стварыць пару і жыць без дапамогі людзей. Але гэта ўжо будзе наступнай вясной.