На Другіх Еўрапейскіх гульнях выступяць больш як 4 000 атлетаў з 50 краін

8 сентября 2017

Правядзенне ў Беларусі Еўрапейскіх гульняў павінна яшчэ больш згуртаваць нацыю. Пра гэта Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў на пашыраным пасяджэнні Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

Беларусь амаль год таму атрымала ганаровае права прыняць у 2019 годзе спартыўны старт. Гэта была прапанова міжнароднай спартыўнай грамадскасці, якая высока ацаніла заслугі краіны ў развіцці спорту. Паўплывала на рашэнне і правядзенне на высокім узроўні спаборніцтваў і іншых міжнародных мерапрыемстваў. У тым ліку чэмпіянату свету па хакеі, які прызнаны лепшым у гісторыі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ад таго, як Беларусь правядзе Еўрапейскія гульні, якія спартыўныя вынікі пакажа, на дзесяцігоддзі складзецца меркаванне аб краіне і яе народзе. Таму ў арганізацыі найбуйнейшага спартыўнага форуму Еўропы дробязяў няма і быць не можа.

На Другіх Еўрапейскіх гульнях выступяць больш за 4 000 атлетаў з 50 краін. У Мінску пройдуць спаборніцтвы ў 15 відах спорту. У 10 з іх будуць разыграныя алімпійскія ліцэнзіі ў Токіа. Акрамя бездакорна вырашаных арганізацыйных момантаў, Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад спартыўных чыноўнікаў і вынік - медалі нашых атлетаў на Еўрапейскіх гульнях. Таго расчаравання, якое сёння адчувае народ ад выступлення нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе і хакейнага мінскага "Дынама", быць не павінна.