4 ноября 2016

Юбілей адзначае адна з самых магутных і аўтарытэтных канструктарскіх службаў беларускага машынабудавання. "Амкадору" - 65! Сёння холдынг выпускае больш за 120 мадэляў спецмашын. Гэта сельскагаспадарчая, дарожна-будаўнічая і камунальная тэхніка. У найбліжэйшы час на прадпрыемстве прадэманструюць і новую мадэль трактара.

Пра перспектыўныя распрацоўкі беларускай тэхнікі рэпартаж Аляксандра Хараўца. Амаль 10 гадоў Яўген Гусцянёў стварае харвестары і фарвардары. Інжынер-канструктар асабіста распрацаваў 4 мадэлі тэхнікі, якія сёння паспяхова працуюць у беларускіх лясах на нарыхтоўцы драўніны. Зараз спецыяліст працуе над новай лінейкай механічных лесарубаў.

Прадукцыйнасць тэхнікі вырасце ў паўтара раза. А выдаткі на абслугоўванне, па словах спецыялістаў, знізяцца ўдвая. Ужо ў наступным годзе гэтыя гіганты з'явяцца ў лясах нашай краіны і расійскай тайзе.

Паўгода таму на "Амкадоры" адкрылі новы канструктарскі аддзел. Тут распрацоўваюць трактар. Інавацыйную мадэль абяцаюць прадэманстраваць у наступным годзе. Пра асаблівасці мадэлі інжынеры распавядаюць неахвотна, але абяцаюць здзівіць.

Над стварэннем новых відаў машын на прадпрыемстве працуе паўтары сотні канструктараў. Штогод кампанія выпускае больш за 5 тысяч адзінак тэхнікі. Гэтыя ўніверсальныя машыны сёння дапамагаюць будаўнікам, аграрыям, камунальшчыкам і нават лагістам. За 65 гадоў працы канструктарскага бюро зрабілі 120 відаў тэхнікі. Да 2020 года мадэльны рад пашыраць яшчэ на 50.

Пагрузчык з бартавым паваротам. Сёння адна з самых папулярных мадэляў. Толькі сёлета іх вырабілі каля паўтысячы. На заводзе гэтую тэхніку называюць вулічным танцорам, бо машыны вельмі мабільныя і могуць з лёгкасцю вальсаваць на месцы.

У найбліжэйшы час і гэты пагрузчык чакае апгрэйд. Грузападымальнасць спецыяльна зменшаць да 800 кілаграмаў, а манеўранасць павялічаць, што дазволіць будаўнікам працаваць нават на самых вузкіх участках гарадскіх вуліц.

Прастата, выгада, надзейнасць і арыентацыя на кліента. Менавіта гэтыя прынцыпы сёння ляжаць у аснове стварэння сучасных машын на заводзе. Вытворчасць запатрабаванай тэхнікі дазваляе пашыраць сваю прысутнасць на сусветным рынку і выцясняць канкурэнтаў.