Каманда прэзідэнтаў Беларусі і Расіі перамагла з лікам 12:3 у сяброўскім хакейным матчы ў Сочы. Лепшыя моманты гульні

5 января 2014

Завяршыўся сяброўскі хакейны матч у Сочы з лікам 12:3 на карысць каманды, у якой гулялі кіраўнікі Беларусі і Расіі.



Таварыскі хакейны матч паміж камандамі, сфарміраванымі з расійскай аматарскай начной хакейнай лігі і зорак сусветнага хакея, адбыўся ў Вялікім лядовым палацы, дзе пройдзе фінал спаборніцтваў па хакеі на маючых адбыцца Алімпійскіх гульнях у Сочы. Прэзідэнты Беларусі і Расіі гулялі ў адной камандзе, капітанам якой быў Вячаслаў Фяцісаў.



Аляксандр Лукашэнка выступіў пад сваім № 1, Уладзімір Пуцін - пад № 11.



Вароты іх каманды абараняў Дзмітрый Баскаў, член хакейнай каманды Прэзідэнта Беларусі, дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Дынама.



Разам з кіраўнікамі дзяржаў у камандзе гулялі такія зоркі хакея як Валерый Каменскі, Павел Бурэ, Аляксандр Кажэўнікаў, а таксама шэраг іншых вядомых хакеістаў. У камандзе прэзідэнтаў таксама гулялі міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу і члены каманды Прэзідэнта Беларусі Андрэй Асташэвіч і Міхаіл Захараў. У каманду сапернікаў увайшлі Аляксей Жамноў, Аляксандр Магільны, браты Голікавы, Аляксандр Якушаў, Сяргей Макараў і іншыя легенды сусветнага хакея.



Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка прыбыў у Сочы па запрашэнні свайго расійскага калегі Уладзіміра Пуціна.



Улічваючы шматгадовае захапленне беларускага лідара хакеем і веды ў гэтай галіне, а таксама вопыт нашай краіны па падрыхтоўцы да чэмпіянату свету 2014 года, Прэзідэнт Расіі запрасіў Аляксандра Лукашэнку агледзець галоўную алімпійскую хакейную арэну.