Кіраўніка дзяржавы ў Брэсцкай вобласці сустракалі караваем з новага ўраджаю

10 августа 2017

Беларусь разлічвае сабраць каля 10 мільёнаў тон збожжа. З кожным днём каравай расце, усе рэсурсы для гэтага мабілізаваныя. Нагадаю, асноўныя працы ў полі павінны завяршыцца да 20 жніўня. Дарагі кожны дзень. А значыць - трэба паскорыць тэмпы. Такое патрабаванне сёння прагучала з вуснаў Прэзідэнта падчас рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць. Дарэчы, на адным з палёў гаспадаркі "Квасевічы" Івацэвіцкага раёна Кіраўніка дзяржавы сёння сустракалі караваем з новага ўраджаю - брастаўчане першымі ў краіне намалацілі мільён тон збожжа. Паміж тым, тактыка паездак Прэзідэнта ў рэгіёны нязменная. У полі зроку Аляксандра Лукашэнкі - не толькі запланаваныя праграмай аб'екты, але і тыя, дзе асабліва востра маюць патрэбу ў эфектыўных рашэннях. Вось і сёння Кіраўнік дзяржавы, змяніўшы маршрут, наведаў гаспадарку "Косава", якая знаходзіцца ў няпростай сітуацыі. На месцы прынятыя канкрэтныя рашэнні, і як гэта нярэдка бывае, прама на полі Аляксандр Лукашэнка цяпло пагутарыў з аграрыямі. З тымі, хто ад світанку і да світанку працуюць дзеля агульнай справы і дзеля дабрабыту ўсёй краіны. Асобна сёння закранулі тэмы забеспячэння гаспадарак палівам. Яго эфектыўнае выкарыстанне - на асаблівым кантролі. Падрабязнасці рабочай паездкі Прэзідэнта - у рэпартажы Наталлі Брэвус.

Элітнае збожжа хутка напаўняе бункер камбайна. І нават на такой рарытэтнай тэхніцы можна працаваць на вынік - упэўнены сямейны экіпаж Шчасных. Бацька і сын (абодва Аляксандры) разам убіраюць хлеб 16-ы сезон. І ўсе гэтыя гады - на старэнькім камбайне "Ліда 1300". Жартуюць: такіх ужо даўно няма ў іншых гаспадарках. Яны сваю машыну даглядаюць-песцяць. А таму кожны дзень робяць свой невялікі, але важны ўклад у нацыянальны каравай.

Побач з аграрыямі ў гэты напружаны час і Прэзідэнт краіны. На вялікім селектары Аляксандр Лукашэнка быў на сувязі з кожнай вобласцю, разбіраючы ўсе вузкія месцы цяперашняй уборачнай кампаніі, і тады анансаваў шэраг візітаў у рэгіёны. Літаральна тыдзень - і Кіраўніка дзяржавы сустракаюць на Брэстчыне.

Вось яно - галоўнае поле дзейнасці ў гэты гарачы час. Такое надвор'е дазваляе паскараць тэмп прац на зямлі. І хоць антыцыклон "Люцыфер", які лютуе ў Еўропе так, што пачалі раставаць італьянскія Альпы, паводле слоў сіноптыкаў, да нас не дабярэцца. Тут так не здаецца. Прыпякае на Брэстчыне добра. Працаваць у такіх умовах вяскоўцам не прывыкаць. Ды і для хлеба гэта нядрэнна.

На раніцу гэтага дня аграрыі паклалі ў засекі радзімы больш за 3 з паловай мільёны тон збожжа. Самы важкі ўклад як раз зрабілі брастаўчане. Тут уборачную кампанію, як правіла, пачынаюць і заканчваюць раней за ўсіх.

Ужо да апоўдня вобласць выйшла на мільён тон сабранага хлеба - так што, Кіраўніка дзяржавы сустракалі караваем новага ўраджаю.

Можна сказаць, што ўмоўны экватар на рэспубліканскай гарачай пары пройдзены - убраная прыкладна палова плошчаў. А наступныя 10 дзён стануць ударнымі для ўсіх рэгіёнаў. Калі з рапсам і кукурузай, то агульны каравай гэтага года будзе важыць пад 10 мільёнаў тон.

Вядома, поўдзень і поўнач краіны - гэта "дзве вялікія розніцы". Віцебская адстае. Так што, падставіць плячо, перакінуўшы тэхніку, будзе вельмі дарэчы. На гэта нацэльвае Прэзідэнт. З палівам вяскоўцам дапамаглі, але лішні кантроль за тым, як расходваюць гаручае, будзе толькі дысцыплінаваць.

Івацэвіцкі раён - гэта самае сэрца рэгіёна, найбуйнейшы ў Брэсцкай вобласці. Вялікая частка тэрыторыі - сельгасугоддзі. Гавораць, хлебны край.

СВК "Квасевічы", дзе Прэзідэнт глядзіць, як ідзе жніво, - моцны сярэднячок. Але ў раёне ёсць і складаныя гаспадаркі. Гэта зона павышанай адказнасці кіраўнікоў райвыканкамаў.

Тыя, хто своечасова зрабіў стаўку на малако, не пралічыўся. Як у "Квасевічах". Асаблівую ўвагу тут надаюць менавіта мясамалочнай вытворчасці. Шэсць гадоў таму ў аграпрадпрыемстве пабудавалі новую ферму. Па сутнасці - комплекс, дзе асобна ўтрымліваецца дойны статак і маладняк. Сёння тут налічваецца 870 галоваў.

На ферме - дзве даільныя залы-аўтамат. Вольга Цяменя яшчэ памятае, як даіць кароў прыходзілася ўручную. Зараз разумныя апараты падкажуць: і калі пара адпускаць рагулю, і колькі кожная дае малака. Сыравіна паступае напрамую ў астуджальныя цыстэрны. У год з адной каровы атрымліваюць амаль 8 тысяч кг малака. А з вялізным статкам спраўляюцца ўсяго дзве даяркі.

Якасць малака залежыць ад умоў утрымання і меню рагуль. Так што ў ААТ пастаянна думаюць аб кармах, як збалансаваць рацыён. Імкнуцца па прынцыпах здаровага ладу жыцця для жывёл. Пытанне забеспячэння кармамі ў гаспадарцы - у спісе ключавых. На праблеме іх захоўвання завастрае ўвагу і Кіраўнік дзяржавы.

Пасля складаных 90-х, калі і пагалоўе не расло, і рэнтабельнасць скарачалася, жывёлагадоўлю паставілі на інтэнсіў. А гадоў 7 назад Прэзідэнт паставіў задачу ўраду - давесці да розуму невялікія фермы ў кожнай гаспадарцы. Дзе рэканструяваць, дзе пабудаваць - у выніку прыкладна 1200 па краіне павінны былі стаць апорамі для гаспадарак. Такія паўнавартасныя малочна-таварныя комплексы. Вакол іх круціцца і жыццё, і грошы.

У кожным такім комплексе - упор на тэхналогіі. Бо перад урадам і аграрным сектарам стаіць глабальная задача - нарошчваць малочны экспарт.

Не ўсё было проста, і ў свой час уладзе дасталася порцыя нездаровай крытыкі і за рашэнні па малаку, і па лёне, і па цукровых бураках.

Але, як гаворыцца, сабака брэша - караван ідзе. У выніку 2016 у Беларусі быў рэкордным па вытворчасці малака. Белае золата, гавораць аграрыі. І не перабольшваюць. Калі ў цэлым, то сёння на харчаванні Беларусь за мяжой зарабляе амаль столькі ж, колькі на прыбытковых нафтапрадуктах. Сыр і тварог, сухое малако і сметанковае масла - у топе экспарту. Развіццё аграбізнесу дазволіць да 20 года атрымаць на продажы харчавання яшчэ больш - прыкладна 7 мільярдаў долараў. Такія прагнозы ўрада.

Не адмахвацца ад цяжкасцяў і не замоўчваць праблемы - па такім прынцыпе ўжо не адзін год працуе Кіраўнік дзяржавы. Таму, калі сёння раптам Прэзідэнт крута змяніў маршрут і паехаў туды, дзе складана - ніхто не здзівіўся. Гэта ў духу беларускага лідара. У Івацэвіцкім раёне тры няпростыя гаспадаркі. "Косава" - адна з іх. Першы прыпынак у палях - як раз у гэты час на камбайне працаваў сямейны падрад. Ні Ірына, ні Мікалай Харужыя не чакалі ўбачыць Кіраўніка дзяржавы побач, але не разгубіліся.

Тое, што праца на зямлі - нялёгкі хлеб, ведаюць з дзяцінства. Бацька паўстагоддзя працуе механізатарам, сын працуе на трактары, ды і самі з жонкай кожны год на гарачай пары. Такому згуртаванаму экіпажу не складана будзе паўтарыць леташні намалот - тысячу тон.

Яшчэ два-тры гады назад гаспадарка "Косава" была ў даўгах. Дзякуючы ўказу, стала на шлях аздараўлення і санацыі. Падзарабілі на рапсе - гэта як для арабаў нафта - цалкам сур'ёзна гаворыць кіраўнік гаспадаркі. На пасадзе працуе апошнія паўтара года.

Дадаць могуць і па мясе, і па малаку. Яшчэ адной фермы відавочна не хапае. Дзяржава гатова падставіць плячо гаспадарцы.

Насустрач гатовыя ісці, але толькі тым, хто выкладваецца на ўсе 100 працэнтаў.

Па тоне гутаркі ў гэты дзень стала зразумела, якой тактыкі працы ў рэгіёнах Кіраўнік дзяржавы будзе прытрымвацца надалей. Гэта дасканалы аналіз сітуацыі на месцах, пошук рашэння для выхаду нават з самых складаных сітуацый. Так ва ўсім. І не толькі, калі справа датычыцца агульнага ўраджаю.