Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Міхаілам Ордам і Ігарам Шуневічам

20 мая 2017

Перспектывы развіцця прафсаюзнага руху абмеркаваныя на рабочай сустрэчы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Міхаілам Ордам.

Кіраўнік дзяржавы падтрымаў ідэю стварэння рабочай групы пры Федэрацыі прафсаюзаў. Эксперты прасочаць за коштам значных груп тавараў і параўнаюць звесткі афіцыйнай статыстыкі з цэнавай палітыкай на месцах. Пра вынікі такога аналізу Федэрацыя прафсаюзаў мае намер інфармаваць урад. Падчас гутаркі Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў сваю значную ўвагу да развіцця прафсаюзнага руху і яго ініцыятыў. У той жа час Прэзідэнт паабяцаў падтрымку развіццю партыйнай сістэмы Беларусі, але без штучных мер.

Пытанні падтрымання бяспекі і парадку ў краіне Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з кіраўніком МУС Ігарам Шуневічам. Прэзідэнт нагадаў, у краіне ідзе аптымізацыя сістэмы органаў унутраных спраў. У прыватнасці, цэнтральны апарат МУС прапаноўваецца скараціць на 10 працэнтаў. Будзе рэфармаваны і шэраг падраздзяленняў. Нашы праваахоўнікі досыць паспяхова спраўляюцца са сваімі задачамі. Гэта пацвярджае статыстыка. Так, колькасць правапарушэнняў па выніках мінулага года знізілася, а раскрывальнасць, наадварот, вырасла.

Яшчэ адна тэма сустрэчы - перспектывы развіцця і падрыхтоўкі да наступнага сезона хакейнага клуба "Дынама-Мінск". Як паведамілі Прэзідэнту, каманда плануе цалкам адмовіцца ад паслуг замежных легіянераў, у тым ліку і ў трэнерскім штабе.