Для развіцця супрацоўніцтва Мінска і Тбілісі ёсць добрыя перспектывы

14 ноября 2017

Гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі на сустрэчы з паслом Грузіі. Праца Давыда Катарыі ў нашай краіне завяршаецца. Апошнія 5 гадоў сталі выніковымі і для дыпламата, і для дзвюх дзяржаў. Менавіта ў гэты перыяд лідары абмяняліся афіцыйнымі візітамі.

Аляксандр Лукашэнка пабываў у Грузіі ў красавіку 2015-га. Трэба сказаць, што гэта адразу паўплывала на ўзаемны гандаль. Прыкметна дадалі. Па выніках мінулага года тавараабарот склаў больш за 73 мільёны долараў. За няпоўны 2017-ы амаль столькі ж. Асновай экспартных паставак Беларусі на грузінскі рынак стала высокатэхналагічная прамысловая прадукцыя. У гэтай краіне працуюць гіганты аўтапрама - БелАЗ, МТЗ, МАЗ. Прадстаўлены Белнафтахім і Пінскдрэў. Усяго ў Грузіі дзейнічае больш за 15 прадстаўніцтваў, даччыных прадпрыемстваў і дыстрыб’ютараў беларускіх прадпрыемстваў.

Рознагалоссяў у палітыцы няма, таму бакі лагічна вырашылі паднаціснуць на эканоміку. З візітам у аказ Георгій Маргвелашвілі пабываў у Мінску ў пачатку года. Аб даверных і добрых асабістых адносінах прэзідэнтаў сведчаць і выказванні грузінскага лідара.

У сацыяльных сетках Маргвелашвілі з задавальненнем дзяліўся навінамі аб вялікім ураджаі бульбы, атрыманым з беларускага насення. Дарэчы, яго пастаўкі ў Грузію будуць павялічвацца.

Важным для развіцця дыялогу паміж краінамі стане візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію ў наступным годзе. Падрыхтоўка да яго ўжо вядзецца. Увесь гэты час падтрымліваюцца кантакты па лініі ўрадаў, аднавіла дзейнасць міжурадавая камісія па эканамічным супрацоўніцтве.