Што цікавіць у Беларусі найбуйнейшага інвестара з Дубая? Перспектыўныя праекты ў рэальным сектары эканомікі абмяркоўваюць у Палацы Незалежнасці

21 ноября 2019

Інвестыцыі з Блізкага Усходу. Аб магчымасцях супрацоўніцтва і сумесных праектах сёння ішла размова на сустрэчы Прэзідэнта з Мухамедам Алі Аль-Абарам - старшынёй савета дырэктараў кампаніі "Эмаар Пропертыз".

Беларусь - ААЭ: інвестыцыі і праекты

Гэта найбуйнейшы інвестар і дэвелапер арабскага свету. Сустрэча праходзіць па слядах перамоў, што адбыліся ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. У пачатку лістапада Прэзідэнт Беларусі наведваў ААЭ з візітам. З кіраўніцтвам краіны тады быў дасягнуты шэраг дамоўленасцяў. Ёсць цікавасць супрацоўнічаць у прамысловасці, АПК, лагістыцы, будаўніцтве і не толькі. Аператыўна ўзяліся за прапрацоўку праектаў. З улікам маштабу і амбіцыйнасці заяўленых планаў наш Прэзідэнт паабяцаў усялякае садзейнічанне бізнесу.

Аб'ём эмірацкіх інвестыцый за мінулы год ужо наблізіўся да сотні мільёнаў долараў. Але гэта няшмат у параўнанні з патэнцыялам арабскіх інвестараў і ўзроўнем іх цікавасці да Беларусі. Гэта зразумела па маштабе кампаніі, якую прадстаўляе госць.

"Эмаар Пропертыз" - вядомая не толькі на Блізкім Усходзе, але і ва ўсім свеце інвестыцыйная кампанія. Яе актывы, паводле інфармацыі Блумберг, ацэньваюцца ў 30 мільярдаў долараў. Працуюць на рынку больш чым 20 гадоў. Інвестуюць у будаўнічыя праекты ў раёне Персідскага заліва. У асноўным у такіх буйных гарадах, як Абу-Дабі і Дубай. Сярод вядомых - узвядзенне самага высокага ў свеце будынка "Бурдж Халіфа" і найбуйнейшага гандлёва-забаўнага комплексу "Дубай Мол". "Дочкі" кампаніі працуюць у трох дзясятках краін - ад Блізкага Усходу да Азіі і Амерыкі.