Кадравы дзень у Палацы Незалежнасці. Новыя кіраўнікі прызначаны на ключавыя і адказныя пасады

29 июля 2019

Сёння вялікі кадравы дзень у Палацы Незалежнасці. Адразу некалькі новых кіраўнікоў прызначаны на ключавыя і адказныя пасады. Гомельскую вобласць, напрыклад, з гэтага часу ўзначальвае Генадзь Салавей. Чалавек, што гаворыцца, ад зямлі. Добра ведае аграрную сферу. Апошні час працаваў на пасадзе першага намесніка старшыні аблвыканкама. У рэгіёне не ўсё проста, прыйдзецца сканцэнтравацца на вырашэнні праблемных момантаў. Пра гэта ішла размова і падчас нядаўняй прэзідэнцкай інспекцыі. У цэлым  сённяшні кадравы панядзелак стаў добрай магчымасцю спыніцца на важных тэмах развіцця рэгіёнаў, прамысловасці, АПК. Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў прызначэнні больш як дзясятка старшынь райвыканкамаў, што дазволіць умацаваць вертыкаль. У размове з імі  акцэнт на нюансы працы ў кожным раёне, бягучае становішча, цяжкасці перыяду актыўных сельгасработ. Уборачная застаецца для ўсіх гарачай тэмай. На палях краіны  ўраджай у 9 з паловай мільёнаў тон, убраць яго трэба якасна. Акрамя таго,  зусім хутка і важная палітычная падзея - парламенцкая кампанія. А гэта сапраўдны іспыт для ўлады на месцах. Галоўнае для новых кіраўнікоў - не прымаць неабдуманых рашэнняў у адносінах да людзей. Асобнае даручэнне Прэзідэнта - забяспечыць своечасовую выплату і рост заработнай платы ў рэгіёнах. Чаму ў зоне ўвагі ўлады менавіта гэтыя пытанні, распавядзе Вольга Макей.

На сайце Міністэрства сельскай гаспадаркі інфармацыя аб ходзе ўборачнай абнаўляецца кожную раніцу. Для аграрыяў зараз  гэта найважнейшыя зводкі, а для журналістаў  гэта карысны аналітычны матэрыял. Сёння ў засеках  амаль 2 мільёны 800 тысяч тон. У гэты дзень летась было на мільён менш. Тэмпы набралі. Тыдзень таму падчас селектарнай нарады Прэзідэнт дакладна акрэсліў: "З палёў павінны ўзяць 9 з паловай мільёнаў тон". Забягаючы наперад, скажам, што сёння Аляксандр Лукашэнка ў дэталях растлумачыў, чаму менавіта гэтая лічба.

Чакаючы размовы, новыя кіраўнікі разглядаюць выставу. Сярод беларускіх краявідаў погляд чапляе ўсё ж трактар, які працуе. І хоць падстава для візіту ў Палац Незалежнасці - кадравыя прызначэнні, найважнейшай тэмай застаецца ўборачная. У каго якая ўраджайнасць? Дзе ў планы ўмяшалася надвор'е? Такія тэмы сёння ў кулуарах.

Змена кіраўнікоў у райцэнтрах у разгар агракампаніі - своеасаблівае ўзмацненне на месцах. Яго атрымліваюць адразу 4 вобласці. У Віцебскай  гэта два раёны: Глыбоцкі і Шумілінскі. У Гомельскай - Жыткавіцкі і Кармянскі. У цэнтральным рэгіёне новыя старшыні адразу трох раёнаў: Валожынскага, Любанскага і Капыльскага. Літаральна кожнага Прэзідэнт дэталёва распытвае і пра будучае месцы працы, і пра мінулае. Адразу 6 кіраўнікоў раз'едуцца па Магілёўскай вобласці. Горацкі раён, на тэрыторыі якога знаходзіцца галоўная кузня аграрных кадраў - сельгасакадэмія, узначаліць Аляксандр Бутараў. А яго папярэднюю пасаду кіраўніка Кіраўскага раёна зойме Міхаіл Гулы. Як раз пры Горацкай акадэміі ён кіраваў навучальна-доследнай гаспадаркай. Землі для Аляксандра Лукашэнкі добра знаёмыя, таму Прэзідэнт з цікавасцю распытвае пра стан спраў у гаспадарках.

"Аўсянка" - гэта СВК у Горацкім раёне. Мы вырашылі паглядзець, чым жыве гаспадарка. Зараз  не лепшыя часы. Закрэдытаванасць,  неўрадлівым выдаўся мінулы год,  калі паўнавартаснае зерне атрымалі толькі ад азімых. А значыць, засталіся без канцэнтратаў - каштоўных дабавак да кармоў. Упалі надоі, пагалоўе свінакомплексу давялося пусціць пад нож,  ад 10 тысяч засталося крыху больш за 5. Зараз уся надзея на новы ўраджайны год.

МТК "Цімохаўка",  мабыць,  галоўны груз, які не дае развівацца гаспадарцы. Пабудавалі яго ў крэдыт, а зараз скрабуць па сусеках, каб хоць неяк разлічвацца.

Менавіта ў "Аўсянцы" ў свой час працаваў Аляксандр Бутараў. Зараз падцягваць гэтую і іншыя гаспадаркі - яго задача ўжо як кіраўніка Горацкага райвыканкама.

Новыя асобы і ў кіраўніцтве горада Бабруйска: адміністрацыю Першамайскага раёна ўзначаліў Віталь Уласевіч. Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі па Магілёўскай вобласці Сцяпан Палоннікаў з гэтага часу - старшыня Круглянскага райвыканкама. У гэтым раёне Прэзідэнт бывае часта, з сітуацыяй знаёмы. Галоўнае - не змяншаць рабочых тэмпаў. 

Асіповіцкі раён узначаліць Канстанцін Жыгуцкі (да гэтага паўтара года кіраваў Слаўгарадскім),  гэтая пасада зараз у Сяргея Міхалюты. Апошні час працаваў у Шклове, але ў Слаўгарадзе як раз пачынаў рэалізацыю ўказа і праграмы па развіцці рэгіёна. Дзякуючы гэтым дакументам з'явіліся новыя прадпрыемствы ў АПК, харчовай прамысловасці  і дрэваапрацоўцы. 

Льготныя  прэферэнцыі для вядзення бізнесу, магчымасць пабудаваць жыллё пад 1 % на 20 гадоў. 235-ты ўказ Прэзідэнта аб развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці стаў сапраўднай дапамогай для раёнаў, якім патрэбна была падтрымка дзяржавы. Адным з шасці  яе атрымаў і Слаўгарадскі. І вось прыклад:  кожны год тут зараз будуюць па адным шматкватэрным  доме. Узводзяць мост, які звяжа незадзейнічаную да гэтага тэрыторыю з райцэнтрам - хутка там зоймуцца аграбізнесам. Побач з жамчужынай Беларусі – Блакітнай Крыніцай. Падцягнуліся інвестары.

А галоўнае - у раёне гатовы падтрымаць любую ініцыятыву мясцовых жыхароў. І сыраварства, з якім аднойчы ўжо пазнаёміўся і Прэзідэнт,  не адзінае. Дарэчы, па нараджальнасці Слаўгарад летась выйшаў на першае месца ў вобласці.

Абсалютна ўсіх кіраўнікоў (і датычыцца  гэта,  вядома,  не толькі  прысутных) Прэзідэнт нацэльвае на актыўную працу: бо ўслед за уборачнай, будзе не менш  важная - палітычная кампанія, якую трэба правесці годна.

Гаворачы ж пра кампанію уборачную,  Прэзідэнт дэталёва растлумачыў план сабраць з палёў 9,5 мільёнаў тон ураджаю. Знайшліся тыя, хто такую лічбу палічыў нерэальнай. Крытыкам Аляксандр Лукашэнка адказвае матэматыкай, якая ва ўсіх сэнсах - на паверхні.

Нагадаў Аляксандр Лукашэнка і пра даручэнне ўзяць пад кантроль сітуацыю з падзёжам жывёлы. За мінулы год у гаспадарках краіны загінулі 85 тысяч галоў маладняка, а гэта прыкладна 40 тысяч тон ялавічыны. 

Без малога 4 месяцы заставалася вакантнай пасада губернатара Гомельскай вобласці. У красавіку Уладзімір Дворнік, які кіраваў рэгіёнам амаль 9 гадоў, стаў віцэ-прэм'ерам.

Землі ў некаторых раёнах - не простыя, адбіўся Чарнобыль. Але на гэтых глебах ужо даўно навучыліся працаваць. Зараз важна - развіццё. 

Пэўна, таму так дбайна прыглядаліся да будучага кіраўніка.

Дарэчы, Гомельская вобласць па плошчы - самая вялікая ў Беларусі. Тэрыторыя прыкладна  як у Нідэрланд. Пры гэтым у рэгіёне больш чым 200  прамысловых прадпрыемстваў. Гэта пятая частка ўсёй краіны і насельніцтва - амаль паўтара мільёна чалавек. Увогуле, ад кіраўнікоў на месцах сапраўды шмат  залежыць.

Пра Генадзя Салаўя, а менавіта яго сёння прызначылі губернатарам Гомельскай вобласці, можна сказаць, чалавек ад зямлі. У аграрнай сферы гадоў 40! З тых часоў як паступіў у сельгастэхнікум.

Пасля была і сельгасакадэмія, і праца на розных прыступках: ад заатэхніка  і кіраўніка гаспадаркі, да старшыні райвыканкамаў і пасады першага намесніка старшыні  Гомельскага аблвыканкама. Гэтымі днямі  прымаў прэзідэнцкую інспекцыю ў Веткаўскім раёне.

Ужо маючы зносіны з прэсай, новы губернатар распавядзе аб першачарговых задачах: гэта нарошчванне аб'ёмаў сельгасвытворчасці і развіццё кадравага патэнцыялу. 

Зрэшты, згуртаванасць гомельскай каманды літаральна месяц назад выпрабавала на трываласць надвор'е. Выстаялі. 

Прызначаны і памочнік Прэзідэнта - інспектар па Віцебскай вобласці. Выбіралі з мноства кандыдатур, але спыніліся менавіта на Анатолі Ліневічы. Два дзясяткі гадоў ён кіраваў гаспадаркамі ў Брэсцкай і Мінскай абласцях, апошнія тры гады  займаў пасаду старшыні Капыльскага райвыканкама. Новы гендырэктар і ў Беларускага металургічнага завода. Гэта Дзмітрый Корчык, быў на пасадзе намміністра прамысловасці. А Аляксандр Асмалоўскі з сённяшняга дня ўзначаліць Беларускую ўніверсальную таварную біржу.

Беларускі металургічны - вядомы амаль на ўсіх кантынентах, пастаўляе прадукцыю ў 60 краін. Галоўная задача - працаваць эфектыўна, тэхнічна пераўзбройвацца. Дарэчы, 21 ліпеня  адзначылі Дзень металурга. Да свята нават уласны фільм знялі, аб нялёгкай працы. Акцёры - рэальныя супрацоўнікі БМЗ.

Кадравыя абнаўленні закранулі і іншыя сферы: намеснікам міністра адукацыі стаў Аляксандр Кадлубай. Пасаду першага намміністра сувязі і інфарматызацыі заняў Сяргей Несцяровіч. Наш пасол у Італіі Аляксандр Гур'янаў, па сумяшчальніцтве зараз узначаліць дыпмісію і ў Сан-Марына. А намеснікам начальніка Беларускай чыгункі стаў Андрэй Якабсон.

Падчас гэтай мужчынскай размовы  Аляксандр Лукашэнка нацэліў усіх кіраўнікоў - прыступаць да працы адразу. Калі ўзнікнуць  праблемы - не замоўчваць іх, абмяркоўваць і вырашаць. Непераадольных перашкод у краіне няма, галоўнае - дзейнічаць!