Беларусь разлічвае на выпрацоўку эфектыўнай дарожнай карты далейшага супрацоўніцтва з Сусветным банкам

2 июня 2016

Пра гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на перамовах з адным з топ-менеджараў уплывовай фінансавай арганізацыі.

Напярэдадні ў Мінск прыбыў віцэ-прэзідэнт Сусветнага банка па рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі Сірыл Мюлер. Кіраўнік дзяржавы выказаў падзяку замежнаму госцю за ўсталяваны ўзровень супрацоўніцтва. На сустрэчы бакі абмеркавалі канкрэтныя кірункі ўзаемадзеяння і новыя праекты для яго развіцця. Выказаны намер зрабіць яго больш маштабным і насычаным. У прыватнасці, Сусветны банк гатовы і далей аказваць Беларусі садзейнічанне ў пытанні павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі, дыверсіфікацыі экспарту і мадэрнізацыі вытворчасцяў. Асаблівую ўвагу прапануецца надаць далейшаму развіццю транспартнай інфраструктуры, зрабіўшы яе больш тэхналагічнай. Яшчэ адзін перспектыўны кірунак - падтрымка малога і сярэдняга бізнесу. Такім чынам беларускія прадпрыемствы атрымаюць дадатковыя магчымасці для асваення новых рынкаў.

Беларусь з'яўляецца членам Сусветнага банка з 1992 года. Зараз з удзелам глабальнай фінансавай арганізацыі ў нашай краіне рэалізуецца серыя праектаў на агульную суму амаль адзін мільярд долараў. Задзейнічаны такія сферы як энергетыка, мадэрнізацыя аўтамабільных дарог, развіццё ляснога сектара, абнаўленне сістэмы адукацыі і кіравання дзяржаўнымі фінансамі.