Беларусь разлічвае на аднаўленне ўзроўню адносін з Алжырам

20 февраля 2018

Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з міністрам замежных спраў гэтай краіны. Прэзідэнт адзначыў, што цяперашні ўзровень узаемадзеяння нельга лічыць здавальняючым. І гэта на фоне добрага палітычнага кантакту. Краіны не могуць пахваліцца годным тавараабаротам. З 2015 года экспарт беларускіх тавараў рэзка паменшыўся ў сувязі з мерамі, прынятымі алжырскім урадам для абмежавання імпарту. Усё гэта вынік эканамічнага спаду, выкліканага падзеннем сусветных цэн на нафту. Тым не менш нашы экспарцёры імкнуцца наладзіць дыялог у сферы паставак тэхнікі і харчавання. Летась на 50-й Алжырскай міжнароднай выставе падпісаны чатыры мемарандумы аб супрацоўніцтве. Свае распрацоўкі тады прапанавалі МАЗ, МТЗ Гомсельмаш і Акадэмія навук. Рэзервы для ўзаемадзеяння ёсць не толькі ў прамысловасці, але і ў сельскай гаспадарцы.

Агульная мэта афіцыйнага Мінска і Алжыра - вывесці супрацоўніцтва на новы ўзровень. Гэта найбуйнейшая дзяржава ў Афрыцы і важны партнёр для Беларусі на гэтым кантыненце. У праграме трохдзённага візіту кіраўніка МЗС Алжыра - сустрэчы з кіраўніцтвам Савета Рэспублікі і міністрам замежных спраў Беларусі. Таксама дэлегацыя паўночнаафрыканскай дзяржавы пабывае ў Нацыянальнай бібліятэцы і Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.