Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Панпетчам Вічытчалчаем

27 июня 2016

І сёння ж Кіраўнік дзяржавы сустрэўся са старшынёй Нацыянальнага заканадаўчага сходу Тайланда Панпетчам Вічытчалчаем. Адзін з ключавых тэзісаў перамоў: Беларусь гатова ствараць у Тайландзе сумесныя прамысловыя прадпрыемствы.

Летась тавараабарот паміж краінамі склаў каля 102 мільёнаў долараў. Пры гэтым сальда склалася дадатнае.

Беларусь экспартавала ў Каралеўства тавары на 60 мільёнаў долараў, а закупіла - на 42. Аснова беларускіх продажаў - гэта калійныя ўгнаенні, спецтэхніка, шкловалакно, льняная тканіна і шыны.

Гутарка сёння выйшла далёка за рамкі ўзаемнага гандлю. Аляксандр Лукашэнка ініцыюе стварэнне поўнамаштабнай дагаворна-прававой базы супрацоўніцтва з Тайландам.

Панпетч Вічытчалчай, старшыня Нацыянальнага заканадаўчага сходу Тайланда: "Дыпламатычныя адносіны паміж Тайландам і Беларуссю былі ўсталяваны 24 гады таму, аднак пра больш цеснае супрацоўніцтва краіны задумаліся зусім нядаўна. Я спадзяюся, што Вы, спадар Прэзідэнт, будзеце і ў далейшым падтрымліваць умацаванне адносін паміж дзвюма дзяржавамі".

Палітыкі сёння дамовіліся ўзмацніць двухбаковае супрацоўніцтва. Спектр узаемадзеяння шырокі: ад паставак тавараў да навучання кадраў. Важным крокам стане стварэнне сумеснай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Акрамя таго, у хуткім часе ў Тайландзе адкрыецца і ганаровае консульства Беларусі.