Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з экс-прэзідэнтам Грузіі

7 октября 2019

Мінск і Тбілісі стварылі трывалы фундамент для развіцця адносін. Аб гэтым сёння ішла размова на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Георгіем Маргвелашвілі.

Ён займаў прэзідэнцкую пасаду Грузіі з 2013 па 2018 год. Гэты перыяд быў прадуктыўным для міждзяржаўнага дыялогу - нашы краіны змаглі прыкметна прасунуць супрацоўніцтва. Вядома, што Георгій Маргвелашвілі прыме ўдзел у форуме "Мінскі дыялог", дзе абмяркоўваюцца выклікі для еўрапейскай бяспекі. Паміж палітыкамі склаліся даверныя і сяброўскія адносіны. Таму сустрэча ў Палацы Незалежнасці атрымалася сапраўды цёплай. 

Сёння на беларускім рынку дзейнічаюць 17 прадпрыемстваў з грузінскім капіталам, у сваю чаргу ў Закаўказзі працуе 20 нашых прадстаўніцтваў, даччыных прадпрыемстваў і дыстрыб’ютараў беларускіх кампаній. Амбіцыйнай планкі на 200 мільёнаў долараў тавараабароту пакуль не ўдалося дасягнуць. Але над гэтым працуюць. Нарошчваюць прамысловую кааперацыю. Так, сёлета ў Тбілісі з канвеера ўжо сышлі першыя беларускія ліфты. Што актуальна для краіны - замены або мадэрнізацыі патрабуюць 25 тысяч адзінак ліфтавага абсталявання. Вясной у Батумі пачалі выпускаць трактары малой магутнасці. Літаральна з пачатку наступнага года на дарогах горада будуць курсіраваць электробусы Белкамунмаша. Беларуская кампанія выйграла тэндар на пастаўку машын. Маюць намер паглыбіць партнёрства і ў фармацэўтыцы. З задавальненнем купляюць у Грузіі і беларускія прадукты. 

Георгій Маргвелашвілі  стане госцем форуму "Мінскі дыялог", дзе абмяркоўваюцца выклікі глабальнай бяспекі. Ва ўмовах нестабільнасці ў рэгіёне і свеце  ідэі Беларусі па наладжванні дыялогу набываюць асаблівае значэнне.

Георгій Маргвелашвілі, Прэзідэнт Грузіі (2013-2018 гг.):  "Мінск стварае тую атмасферу, у якой можна вырашаць пытанні, не бразгаючы зброяй, а рэальна гаворачы пра рацыянальныя рашэнні. Аляксандр Лукашэнка заўсёды ў сваіх выступленнях падтрымліваў менавіта гэтую пазіцыю - давайце размаўляць і ствараць, аднаўляць разбураныя масты, прызнаючы інтарэсы адзін аднаго".

Грузінскі госць высока ацаніў міжнародныя ініцыятывы Беларусі. Такі адкрыты і канструктыўны падыход афіцыйнага Мінска  сёння як ніколі запатрабаваны.


.