Аляксандр Лукашэнка адкрыў мемарыял памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці

20 июня 2020
У год 75-годдзя Вялікай Перамогі і літаральна за некалькі дзён да трагічнай даты ў гісторыі - пачатку Вялікай Айчыннай вайны - мы з асаблівым болем прыгадваем падзеі той страшнай вяхі. Каб будучыя пакаленні не толькі памяталі, але і вынеслі ўрокі, наш абавязак распавесці, што мір і дабрабыт не дасталіся нам проста! Трагедыя ў вёсцы Боркі - частка гістарычнай памяці народа Беларусі. Сёння там адкрылі мемарыял памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці. Ушанаваць памяць мірных жыхароў прыехаў Кіраўнік дзяржавы. 78 гадоў таму падчас адной з самых буйных карных аперацый за адзін дзень нацысты расстралялі і спалілі больш як 2 тысячы мірных жыхароў. Гэтыя падзеі леглі ў аснову адной з сюжэтных ліній самага пранізлівага фільма аб лёсе мірнага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай "Ідзі і глядзі". У памяць аб жыхарах вёскі Боркі і спаленых вёсках вобласці ў савецкі час быў усталяваны помнік-скульптура воіну і дзяўчыне, потым узвялі капліцу і сцяну памяці спаленых вёсак. Летась было вырашана рэканструяваць памятныя знакі і стварыць тут мемарыял, які раскрывае і паказвае ў поўнай меры ўсе зверствы нацызму.


Мемарыял у Борках стварыла маладая каманда скульптараў і архітэктараў


Праект мемарыяла ў вёсцы Боркі распрацавала група маладых скульптараў і архітэктараў. Усяго за паўгода ў камені, бетоне і метале каманда адбіла жах той трагедыі: вуліца з фрагментамі абгарэлых сценаў хат, пакінутыя ў іх рэчы сімвалізуюць раптам спыненае мірнае жыццё і безабароннасць перад нялюдскай жорсткасцю. На абгарэлым бярвенні - сведчанні людзей, якія выжылі ў той жахлівай трагедыі. Сёння Кіраўнік дзяржавы даручыў прадставіць да дзяржузнагарод стваральнікаў мемарыяльнага комплексу ў Борках.


Кіраўнік дзяржавы сёння паглядзеў усе аб'екты комплексу, а таксама цёпла пагутарыў з людзьмі


Сярод іх былі ветэраны, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, вязні канцлагераў, сваякі загінуўшых мірных жыхароў. На мемарыяльныя пліты на тэрыторыі комплексу нанесеныя назвы больш як 30 вёсак, спаленых акупантамі, і 616 раней невядомых прозвішчаў жыхароў, знішчаных у гэтай трагедыі. У спісах можна заўважыць прабелы - пошукавыя працы ў архівах працягваюцца.