Аляксандр Лукашэнка прызначыў старшынёй Мінскага гарвыканкама Анатоля Сівака

24 ноября 2018

У беларускай сталіцы новы кіраўнік. Сёння Кіраўнік дзяржавы прызначыў старшынёй Мінскага гарвыканкама Анатоля Сівака, які да гэтага ўзначальваў транспартнае ведамства краіны. А яшчэ раней працаваў на пасадзе памочніка Прэзідэнта - галоўнага інспектара па горадзе Мінску. Так што, кола новых абавязкаў для Анатоля Сівака знаёмае, праблемы сталіцы ведае. Гэта і стала вырашальным у выбары менавіта яго кандыдатуры.

Мінск сёння - горад, які любяць жыхары, без перабольшання - захапляюцца госці. Чысціня, парадак, бяспека - гэта ўжо брэнды беларускай сталіцы. Але планку трэба ставіць вышэйшую. Беларусь усё часцей становіцца месцам правядзення найбуйнейшых міжнародных мерапрыемстваў. Літаральна ў гэтыя дні мы прымаем дзіцячы песенны конкурс "Еўрабачанне". Не так даўно Мінск быў цэнтрам абмеркавання пытанняў бяспекі Мюнхенскай канферэнцыі. Наперадзе - II Еўрапейскія гульні. Гораду патрэбен якасна новы рывок - ставіць задачу Прэзідэнт. Ён павінен стаць яшчэ больш утльным для жыхароў і прывабным для гасцей. Аляксандр Лукашэнка не раз адзначаў, сталіца - гэты твар краіны. Адгэтуль такая павышаная ўвага і патрабавальнасць да пытанняў дысцыпліны, парадку, гаспадарскага падыходу ва ўсім. У ацэнцы любога кіраўніка - яго справы і ўчынкі. І гэты іспыт перад людзьмі вертыкаль улады павінна вытрымаць годна.

Аляксей Волкаў больш падрабязна аб кадравым дні Прэзідэнта.

Амаль два с паловай мільёны жыхароў. Адзін з найбуйнейшых гарадоў на прасторах СНД і ўсходняй Еўропы ў цэлым. Мінск - сэрца Беларусі, яе эканамічны, культурны і палітычны пункт прыцягнення. За апошнія дзесяць гадоў наша сталіца стала паўнапраўным мегаполісам з неверагодна хуткім і дынамічным ладам жыцця. Міжнародныя форумы, інвестыцыі з усяго свету і высокі ўзровень турызму. Горад-герой з багатым мінулым і насычанай будучыняй - такую характарыстыку яму даюць шматлікія госці. У гэтым неверагодным струмені сталічнага руху спыніцца - значыць страціць. Бо кіраваць горадам, які ніколі не спіць і пастаянна набірае хуткасць на трэку развіцця - задача архіскладаная. Таму і патрэбныя новыя ўліванні - як фінансавыя, так і кадравыя. Надаць належную дынаміку - ключавая прычына змянення старога мэра і прызначэння новага.

Новы горадакіраўнік Анатоль Сівак - кіраванец дасведчаны. Прайшоў кар'ерную лесвіцу ў Беларускай чыгунцы. Тры гады працаваў памочнікам Прэзідэнта - галоўным інспектарам па Мінску - і, нарэшце, міністрам транспарту. На пасаду мэра прэтэндавалі больш як дзесяць чалавек, але спыніліся на кіраванцы, які працуе пад стаць запытам вялікага горада - эфектыўна, дынамічна і адкрыта.

Наша сталіца і сапраўды зменьваецца на вачах і не сыходзіць з высокіх пазіцый міжнародных рэйтынгаў: чысціня, бяспека, гасціннасць - беларускія брэнды, з якімі азнаёміліся шматлікія замежнікі. Летась па бязвізе Мінск наведалі 155 тысяч турыстаў. І словы падмацоўвае самая незалежная мова - статыстыкі.

Так, аўтарытэтнае міжнароднае агенцтва ўключыла горад у топ-40 самых спакойных і надзейных у свеце: узровень крыміналу - нізкі. Таксама Мінск увайшоў у тройку самых чыстых гарадоў на планеце. Сталіца - гэта твар краіны, народа. Аляксандр Лукашэнка пастаянна на нарадах паднімае пытанні навядзення парадку і дысцыпліны. Такія рэйтынгі - заслуга доўгай і карпатлівай працы.

А для новых здзяйсненняў Мінгарвыканкаму трэба падзарадзіцца і свежым поглядам рухацца наперад - на новы магутны рывок у старой каманды проста ўжо не хапала сіл. У сваю чаргу Андрэй Шорац будзе пераведзены на іншую працу.

Час не чакае. Таму ўжо сёння Анатоль Сівак, нягледзячы на выхадны дзень, адправіўся прымаць справы ў Мінгарвыканкам. Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, на поўнае паглыбленне ў праблемы і жыццё сталіцы ў новаспечанага мэра ёсць тры тыдні, пасля Аляксандр Лукашэнка наведае гарвыканкам: сітуацыя з кадрамі, карупцыя і будаўніцтва - словам, тэм для вялікай і грунтоўнай гутаркі назапасілася звышдастаткова.

І калі спартсменам трымаць планку - прыкмета стабільнасці, то гораду яе неабходна павышаць. Час яркіх перамог для сталіцы наступіць у чэрвені 2019 года. На II Еўрапейскія гульні ў Мінск прыедуць тысячы турыстаў. І задача Анатоля Сівака - падхапіць флаг і паскорыцца там, дзе не хапіла сіл папярэдніку. Утульны, прыгожы і зручны - наш галоўны горад павінен паказаць свой максімум на спартыўным форуме і іншых важных падзеях.

Мінск за доўгія гады скрупулёзнай працы зарабіў імідж адкрытага, гасціннага горада, які здольны прымаць мерапрыемствы як палітычныя, так і культурныя. Рухацца наперад, хутчэй і вышэй - алімпійская дыстанцыя ў сталіцы бясконцая. І шмат у чым менавіта ад кадраў у Мінгарвыканкаме залежыць, якія фотакадры будуць везці з сабою турысты на памяць, каб вярнуцца сюды зноў, пачуўшы ад мінчан, што гэты горад - самы лепшы горад на зямлі.