Танцавальныя калектывы з усёй Беларусі правялі "Цеплаабмен"

29 января 2016

Гісторыі без слоў, але на мове цела. Танцавальныя калектывы з усёй Беларусі правялі "Цеплаабмен" - так завуцца вечары сучаснай харэаграфіі, дзе лепшыя пастаноўшчыкі краіны дзеляцца эксперыментамі. Пра дыялог у рухах, пра атмасферу і эмоцыі і пра работу камер - у рэпартажы Вольгі Мядзведзь.

Зараз можна адкласці пуанты, гарсэты і пышныя балетныя пачкі, бо сучасная харэаграфія не патрабуе дадатковых сродкаў выказвання. Басанож і ў няяркіх касцюмах выканаўцы паказваюць свае гісторыі, якія часцяком нельга перадаць словамі, якія нараджаюцца менавіта на пляцоўцы, зыходзячы з энергетыкі гледача.

Ідэя "Цеплаабмену" ў танцы ўзнікла два гады таму. Тады на вечары сучаснай харэаграфіі збіраліся толькі аматары. З гэтага года да іх далучыліся прафесійныя школы і тэатры. Пляцоўку выбіралі па атмасферы, ну і, вядома, выгодзе. У гэтым сезоне выбар прыпаў на Тэатр беларускай драматургіі і Цэнтр сучасных мастацтваў. У "Цеплаабмене" няма хэдлайнераў і конкурснай асновы, бо кожны выступоўца прыўносіць нешта новае.

Тры вечары, і ў кожнага свая тэматыка. У першы дзень прадстаўнікі з абласных цэнтраў дэманстравалі лексічныя пастаноўкі - так прафесіяналы завуць працы традыцыйныя, харэаграфічныя мініяцюры. А другі дзень аддадзены пад перформансы на фантазіі і перажыванні пастаноўшчыкаў.

Фільм пра танец або танец пра фільм - новы кірунак у мастацтве прэзентуе "Цеплаабмен". Кінатанец - гэта жанр, дзе аб'ядноўваецца візуальнае і пластычнае майстэрства, - у Беларусі паказваецца ўпершыню. Яго першаадкрывальнікам стала танцорка, а зараз і рэжысёр Вольга Лабоўкіна.

Фільм - гэта вынік працы творчай лабараторыі па кінатанцы. Удзельнікі даследавалі спосабы целавага дыялогу, тэхнічныя аспекты працы артыста і камеры.