А. Лукашэнка знаходзіцца з рабочай паездкай у Віцебскай вобласці

14 июня 2021

Ад пытанняў вытворчасці айчыннай стралковай зброі і боепрыпасаў да пашырэння нашых магчымасцяў па рамонце авіятэхнікі. Сённяшняя камандзіроўка Прэзідэнта ў Аршанскі раён Віцебскай вобласці - з акцэнтам на найноўшыя тэхналогіі і абарону.

Першым пунктам на маршруце стаў вытворча-тэхнічны кластар "Вусце" - гэта адзін з самых закрытых аб'ектаў Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта. Тут ідзе распрацоўка, мадэрнізацыя, вытворчасць і тэсціраванне сродкаў паражэння розных тыпаў і класаў. Вытворчыя магутнасці займаюць толькі дзясятую частку тэрыторыі. На працягу найбліжэйшых гадоў плануецца асвоіць усю плошчу. Разам з тым, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, "вялікая тэрыторыя - празмернасць. Неабходна навесці парадак на задзейнічаных плошчах (гэта, дарэчы, зона адказнасці губернатара)". Прэзідэнт таксама азнаёміўся з перапрацоўкай патронаў, якія былі ва ўжыванні: там іх чысцяць і зноў зараджаюць. Гэта эканамічна выгадней, чым купляць новыя. Кіраўніку дзяржавы паказалі і нашы айчынныя пісталеты і аўтаматы. Яны прайшлі выпрабаванні ў беларускай арміі, атрымалі станоўчыя водгукі. Зброяй таксама засталіся задаволеныя і замежныя заказчыкі. Прэзідэнт акцэнтуе ўвагу на неабходнасці лакалізацыі вытворчасці.

Прэзідэнт: Самае галоўнае - лакалізацыя

Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць лакалізацыі вытворчасці - каб на прадпрыемстве выраблялася і вонкавая абалонка ракеты, і кампаненты сістэмы кіравання і навядзення.

"Трэба сваё рабіць, асноўнае", - сказаў Прэзідэнт. Неабходнасць гэтага, паводле яго слоў, дыктуецца нестабільнасцю становішча ў свеце, выклікамі і пагрозамі з боку знешніх сіл.

Цяперашняя камандзіроўка - гэта працяг размовы, пачатай на мінулым тыдні ў Палацы Незалежнасці пра стан спраў у ВПК. "Без самых высокіх тэхналогій немагчыма стварыць сучасную зброю", - раней адзначаў кіраўнік дзяржавы. Развіццё такой уласнай вытворчасці мае выключна абаронныя мэты. Беларусь па-ранейшаму прытрымліваецца міралюбнай палітыкі. Але краіна абавязана ў выпадку неабходнасці абараніць сябе і свой народ.

Прэзідэнт наведаў авіярамонтны завод

Наступным прыпынкам у прэзідэнцкім маршруце стаў Аршанскі авіярамонтны завод у Балбасаве. Гэта вядучае прадпрыемства Беларусі па капрамонце і мадэрнізацыі верталётаў Мі. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з яго працай, а таксама ўзорамі авіятэхнікі, рамонтам якой зараз тут займаюцца. У 2023 годзе на заводзе разлічваюць увесці ў эксплуатацыю новы цэх. Гэта будзе сучасная вытворчасць, якая дазволіць мінімізаваць закупкі і стварыць новыя рабочыя месцы.

Аэрадром у Оршы гатовы прымаць любыя тыпы паветраных суднаў

Прэзідэнту распавялі, што праблем з загрузкай у завода зараз няма. Гэты год ужо распісаны. Традыцыйныя рынкі - Цэнтральная і Паўднёва-Усходняя Азія, Афрыка, Паўднёвая Амерыка. Размова таксама ішла пра далейшае развіццё аэрадрома Орша. Тут гатовыя прымаць любыя тыпы паветраных суднаў.