А.Лукашэнка: Беларусь вітае рашэнне Катара інвеставаць у нашу краіну

18 ноября 2016

Беларусь вітае рашэнне Катара інвеставаць у нашу краіну і створыць для гэтага ўсе неабходныя ўмовы. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам фінансаў Катара Алі Шарыфам аль-Імадзі.

Разам з ім у Мінск прыбыла прадстаўнічая дэлегацыя, у тым ліку міністр транспарту і камунікацый. Гэты візіт - працяг рэалізацыі тых дамоўленасцяў, якіх літаральна некалькі тыдняў назад дасягнулі падчас візіту Кіраўніка беларускай дзяржавы ў Блізкаўсходні рэгіён. Тады бакі вызначылі дарожную карту супрацоўніцтва. Урады абедзвюх дзяржаў зараз працуюць над шматлікімі праектамі, яны нацэленыя на пашырэнне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. У іх ліку і буйныя, інвестыцыйныя. І ўжо пэўныя прапановы ў розных галінах узаемадзеяння - партфель дакументаў - прадставяць кіраўнікам дзяржаў падчас візіту эміра Катара ў Беларусь.

Прэзідэнт Беларусі наведваў Катар тройчы - у 2001 і 2011 гадах. Апошні візіт адбыўся роўна тры тыдні назад. Сімвалічна, у аэрапорце Дохі беларускага лідара, сустракаў менавіта міністр фінансаў. Ён уваходзіць у спіс 100 найбольш уплывовых арабаў свету. Тады ж адразу па прылёце прайшлі і кароткія перамовы. Асноўныя ж у Аляксандра Лукашэнкі адбыліся з эмірам Катара.

Сярод арабскіх дзяржаў Блізкага Усходу Катар - найбуйнейшы інвестар у беларускую эканоміку.

Зараз краіны прапрацоўваюць магчымасць паставак на гэты рынак БелАЗаў і грузавікоў МАЗ. Яны спатрэбяцца ў сферы будаўніцтва. Праз 6 гадоў Доха прыме чэмпіянат свету па футболе. Зараз там узводзяць шмат спартыўных і інфраструктурных аб'ектаў, будуюць дарогі і нават метро. Патрэбны Катару і якасныя аддзелачныя матэрыялы.