Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты Беларусі завершаны

22 августа 2015

У Беларусі завяршыўся самы актыўны этап выбарчай кампаніі - збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты Беларусі. Сёння ў эксклюзіўным інтэрв'ю Агенцтву тэленавін кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына агучыла, каму з прэтэндэнтаў удалося пераадолець неабходны рубеж у 100 тысяч подпісаў. Так, у лідарах - ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі. Сабрана больш за мільён 760 тысяч подпісаў. На другім месцы ініцыятыўная група Мікалая Улаховіча - 160 тысяч подпісаў. У Сяргея Гайдукевіча - ледзь больш за 140 тысяч. За Віктара Цярэшчанку падпісаліся 130 тысяч беларусаў. Ініцыятыўная група Таццяны Караткевіч здала ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі больш за 107 тысяч подпісаў. Падпісныя лісты ад ініцыятыўнай групы Сяргея Калякіна ў выбаркамы не паступалі. Ім удалося сабраць каля 70 тысяч подпісаў. У Анатоля Лябедзькі яшчэ менш - каля 50 тысяч. Жана Раманоўская за ўвесь перыяд збору подпісаў так і не агучыла іх колькасць. Зараз на працягу 10 дзён выбарчыя камісіі павінны праверыць дакладнасць падпісных лістоў.

Лідзія Ярмошына, Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі: "Адбіраецца не менш за 20%, прычым па кожнай ініцыятыўнай групе, якая здала подпісы. У тым выпадку, калі подпісаў было забракавана больш за 15% з ліку правераных, бярэцца яшчэ дадатковыя 15% і правяраецца, Калі агульны працэнт па дзвюх праверках перавысіць больш за 15% няпэўных подпісаў, усе подпісы сабраныя па дадзеным раёне, горадзе, прызнаюцца несапраўднымі і не ўключаюцца ў агульны выніковы пратакол. Далей усе гэтыя матэрыялы перадаюцца ў ЦВК, і ЦВК падводзіць вынікі і рэгіструе кандыдатаў у прэзідэнты".

Рэгістрацыю кандыдатаў Цэнтрвыбаркам правядзе з 6 па 15 верасня. Пасля гэтага ў ЦВК павінны падаць спісы давераных асоб, і будзе праведзеная жараб'ёўка эфірнага часу, гэта значыць, кандыдат пачне паўнавартасную агітацыйную кампанію.