Працягваецца пленарнае пасяджэнне VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Да вялікай размовы далучаюцца кіраўнікі дзяржаў

18 июля 2019
Зняць усе тэхнічныя пытанні і супярэчнасці ў двухбаковых адносінах да 20-гадовага юбілею саюзнага дагавора, гэта значыць да 8 снежня, - такую ініцыятыву сёння выказаў Прэзідэнт Беларусі на сустрэчы з расійскім калегам у рамках VI Форуму рэгіёнаў у Санкт-Пецярбургу. Прапанова прагучала ў прысутнасці ключавых міністраў двух урадаў, якія ўваходзяць у міжурадавую групу па актуалізацыі дагавора. Менавіта гэтая камісія займаецца як здыманнем бягучых праблем у гандлі, так і напаўненнем стратэгічнай праграмы дзеянняў. Як адзначыў беларускі лідар, канкрэтыкі ад прэзідэнтаў і ўрадаў чакаюць людзі, і зацягваць з рашэннямі недапушчальна. 

Да гэтай сустрэчы ключавыя пазіцыі былі ўзгоднены на 80-90 %, пры гэтым усе рашэнні, якія патрабаваліся з вышэйшага прэзідэнцкага ўзроўню, ужо прынятыя. Важнасць пагадненняў у рамках форуму неаднаразова падкрэслівалі і расійскія саюзнікі. Беларусь з'яўляецца чацвёртым гандлёва-эканамічным партнёрам Расіі, саступаючы толькі Кітаю, Германіі і Нідэрландам,  а таму зацягванне з канкрэтыкай істотна шкодзіць і расійскім эканамічным інтарэсам. Сімвалічную і прагматычную важнасць юбілею інтэграцыі падкрэсліў і Уладзімір Пуцін.

На палях форуму ўжо абмеркаваныя дзясяткі тэм. У тым ліку супрацоўніцтва ў прамысловасці, навуцы, культуры, бізнесе. Выступаючы на пленарным пасяджэнні, віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Петрышэнка адзначыў неабходнасць таксама ўзмацніць падтрымку моладзі Саюзнай дзяржавы. Так, паводле яго слоў, асабліва важна звярнуць увагу на юныя таленты, развіваць прадпрымальніцкія ініцыятывы, рыхтаваць сучасныя кіраўніцкія кадры, залучаць маладых людзей у добраахвотніцкую дзейнасць. Рэгіёны Беларусі і Расіі дамовіліся больш цесна супрацоўнічаць у гандлёва-эканамічнай, навуковай і культурнай сферах. Сёння ўсе намеры змацавалі подпісамі. Паглыбім адносіны з Саратаўскай і Смаленскай абласцямі Расіі, з Інгушэціяй. Сумесныя праекты чакаюцца паміж нашым БелАЗам і Санкт-Пецярбургскім горным універсітэтам. Беларусь гатовая нарасціць экспарт паслуг і будматэрыялаў у Ленінградскую вобласць. Плюс напярэдадні скарбонка пагадненняў папоўнілася 120 мільёнамі долараў. Усяго за дні працы форуму - звыш 80 дамоўленасцяў.

У наступным годзе Форум рэгіёнаў прыме наша краіна. Спікер верхняй палаты парламента Беларусі прапанаваў прысвяціць яго інвестыцыйнаму супрацоўніцтву дзвюх дзяржаў. Міхаіл Мясніковіч растлумачыў свой выбар неабходнасцю пашыраць прамысловую кааперацыю Саюзнай дзяржавы, ствараць сумесныя беларуска-расійскія кластары. Асаблівую ўзаемную цікавасць выклікаюць нафтахімія, фармацэўтыка, ільняная галіна.