Палажэнне аб арганізацыі і правядзенні выступленняў і тэледэбатаў кандыдатаў у дэпутаты

17 сентября 2019
ПАЛАЖЭННЕ 
аб арганізацыі і правядзенні выступленняў і тэледэбатаў
кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу
Рэспублікі Беларусь сёмага склікання

ГЛАВА 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ     

1. Дадзенае Палажэнне вызначае ўмовы і парадак арганізацыі і правядзення выступленняў па тэлебачанні і тэледэбатаў кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання (далей - кандыдаты ў дэпутаты).

2. Для мэт  дадзенага Палажэння  прымяняюцца наступныя тэрміны і іх азначэнні:

     вядучы (вядучыя) -  асоба (асобы), вызначаная Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Рэспублікі Беларусь (далей - Белтэлерадыёкампанія) для правядзення тэледэбатаў і надзеленая адпаведнымі паўнамоцтвамі;

     выступленне - асабісты зварот кандыдата ў дэпутаты да грамадзян з выкладаннем уласнай перадвыбарнай праграмы;

     тэледэбаты - выказванні двух і больш кандыдатаў у дэпутаты па шырокім коле грамадска значных праблем, у тым ліку паведамленні, што датычацца перадвыбарных праграм іншых кандыдатаў, зробленыя па тэлебачанні падчас публічнага абмену меркаваннямі, пытаннямі;

     удзельнік тэледэбатаў - кандыдат у дэпутаты, які ўдзельнічае ў дэбатах, або давераная асоба, упаўнаважаная кандыдатам у дэпутаты.

3. Выступленні і тэледэбаты арганізуюцца і праводзяцца ў адпаведнасці з артыкулам 46 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь і Палажэннем аб парадку выкарыстання сродкаў масавай інфармацыі кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу  Рэспублікі Беларусь сёмага склікання, зацверджанага пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў ад 28 жніўня 2019 г. № 41.

4. Мэта арганізацыі і правядзення выступленняў і тэледэбатаў - забеспячэнне рэалізацыі права кандыдатаў у дэпутаты на выкарыстанне сродкаў масавай інфармацыі ў перадвыбарнай агітацыі.


ГЛАВА 2

УМОВЫ АРГАНІЗАЦЫІ І ПРАВЯДЗЕННЯ ВЫСТУПЛЕННЯЎ І ТЭЛЕДЭБАТАЎ 

5. Кандыдат у дэпутаты мае права выступаць з праграмай сваёй будучай дзейнасці, тэкст якой вызначаецца кандыдатам у дэпутаты.

У выступленнях і тэледэбатах кандыдат у дэпутаты мае права выкарыстоўваць наглядныя матэрыялы, якія характарызуюць кандыдатаў у дэпутаты або ілюструюць іх перадвыбарныя праграмы, за выключэннем аўдыяматэрыялаў і відэаматэрыялаў.

6. Выступленні кандыдатаў у дэпутаты і ўдзельнікаў тэледэбатаў не  павінны ўтрымліваць прапаганды вайны, заклікаў да насільнага змянення канстытуцыйнага ладу, парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, да сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці, заклікаў, якія  схіляюць або маюць сваёй мэтай схіліць  да зрыву, адмены або пераносу тэрміну выбараў, прызначаных у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама абраз і паклёпу ў дачыненні  да службовых асоб  Рэспублікі Беларусь, іншых кандыдатаў у дэпутаты.

Забараняюцца агітацыя або прапаганда сацыяльнай, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або моўнай перавагі, выпуск і распаўсюджванне паведамленняў і матэрыялаў,  што выклікаюць сацыяльную, расавую, нацыянальную або рэлігійную варожасць.

7. Кандыдат у дэпутаты мае права на адно выступленне па тэлебачанні працягласцю не больш за  пяць хвілін.

8. Дата і час выхаду ў эфір тэлеперадач з выступленнямі кожнага з кандыдатаў у дэпутаты вызначаюцца ў адпаведнасці з жараб'ёўкамі, якія праводзяцца акруговымі выбарчымі камісіямі не пазней за 18 кастрычніка 2019 г.

Па выніках жараб'ёўкі акруговыя выбарчыя камісіі зацвярджаюць графік размеркавання эфірнага часу для выступленняў, які на наступны дзень пасля правядзення жараб'ёўкі перадаецца ў Белтэлерадыёкампанію.

9. Час для выступленняў і тэледэбатаў даецца кандыдатам у дэпутаты, якія балаціруюцца ў  выбарчых акругах, утвораных на тэрыторыі горада Мінска, у эфіры тэлепраграмы "Беларусь 3".

10. Эфірны час для выступленняў кандыдатаў у дэпутаты даецца ў рабочыя дні з 21 кастрычніка па 6 лістапада 2019 г. з 19:00 да 20:00, за выключэннем 22 і 29 кастрычніка, калі эфірны час даецца з 19:00 да 19:30, з улікам сеткі вяшчання тэлепраграмы "Беларусь 3".

11. Даты правядзення тэледэбатаў вызначаюцца  Белтэлерадыёкампаніяй.

12. Тэлеперадачы з выступленнямі і тэледэбаты ідуць у запісе.

Запіс выступленняў ажыццяўляецца не раней чым за пяць сутак і не  пазней чым за адны суткі да выхаду тэлеперадачы з выступленнем у эфір.

Запіс тэледэбатаў ажыццяўляецца не пазней чым за адны суткі да выхаду тэледэбатаў у эфір.

13. Кандыдатам у дэпутаты паведамляюць наконт  даты, часу і месца запісу выступленняў акруговыя выбарчыя камісіі пры правядзенні жараб'ёўкі, а тэледэбатаў - Белтэлерадыёкампанія не пазней чым за адны суткі да правядзення запісу.

14. Белтэлерадыёкампанія забяспечвае падрыхтоўку тэлеперадач з выступленнямі і тэледэбатамі, а таксама інфармуе тэлегледачоў аб выступленнях і тэледэбатах з указаннем назваў і нумароў выбарчых акруг, па якіх балаціруюцца кандыдаты ў дэпутаты.

15. Выступленні, тэледэбаты не перапыняюцца для рэкламы.

16. Эфірны час, не выкарыстаны па віне кандыдата ў дэпутаты цалкам або часткова, зноў яму не даецца.

17. Няўдзел кандыдата ў дэпутаты ў тэледэбатах не цягне павелічэння аб'ёму эфірнага часу, што даецца кандыдату ў дэпутаты бясплатна.

18. Запісы выступленняў і тэледэбатаў захоўваюцца ў Белтэлерадыёкампаніі і з'яўляюцца яе ўласнасцю. Экзэмпляры (копіі) запісаў выступленняў і тэледэбатаў грамадзянам і арганізацыям не выдаюцца, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам. Выкарыстанне запісаў выступленняў і тэледэбатаў без дазволу Белтэлерадыёкампаніі не дапускаецца.

Запісы выступленняў і тэледэбатаў захоўваюцца на працягу аднаго года з дня іх выпуску.

ГЛАВА  3

ПАРАДАК АРГАНІЗАЦЫІ І ПРАВЯДЗЕННЯ ВЫСТУПЛЕННЯЎ І ТЭЛЕДЭБАТАЎ

19. Удзел у выступленнях і тэледэбатах добраахвотны.

20. Заяву на ўдзел у тэледэбатах кандыдат у дэпутаты асабіста альбо праз свайго прадстаўніка падае ў акруговую выбарчую камісію пры правядзенні жараб'ёўкі па вызначэнні даты і часу выступленняў кандыдатаў у дэпутаты па тэлебачанні і радыё. 

Акруговая выбарчая камісія пры паступленні заяў на ўдзел у тэледэбатах ад двух і больш кандыдатаў складае спіс удзельнікаў тэледэбатаў і перадае яго разам з графікам размеркавання эфірнага часу ў Белтэлерадыёкампанію не пазней  за 18 кастрычніка 2019 г.

21. Тэледэбаты праводзяцца пры ўдзеле ў іх не менш чым двух кандыдатаў у дэпутаты, якія балаціруюцца ў выбарчай акрузе,  створанай на тэрыторыі горада Мінска. 

Кандыдат у дэпутаты мае права ўпаўнаважыць для ўдзелу ў тэледэбатах давераную асобу.

22. Кандыдат у дэпутаты ў выпадку адмовы ад удзелу ў запісе выступлення паведамляе пра гэта Белтэлерадыёкампаніі не пазней чым за 24 гадзіны да правядзення запісу выступлення.

Кандыдат у дэпутаты ў выпадку адмовы ад удзелу ў тэледэбатах пасля  накіравання  ў Белтэлерадыёкампанію спіса, названага ў частцы другой пункта 20, падае адпаведную пісьмовую заяву ў акруговую выбарчую камісію не пазней чым за адзін дзень да запісу перадачы з дэбатамі. Акруговая выбарчая камісія неадкладна інфармуе пра гэта Белтэлерадыёкампанію. 

23. Кандыдаты ў дэпутаты, удзельнікі тэледэбатаў прыбываюць да месца правядзення запісу адны або ў суправаджэнні не больш як дзвюх асоб  за 45 хвілін да вызначанага  часу.

24. Перад выступленнем, пачаткам тэледэбатаў кандыдаты ў дэпутаты, удзельнікі тэледэбатаў знаёмяцца з дадзеным Палажэннем, інструктуюцца аб парадку іх размяшчэння ў студыі, аб асаблівасцях размяшчэння мікрафонаў, тэлекамер, аб парадку работы персаналу ў студыі і па іншых  пытаннях, што цікавяць іх і  звязаны з запісам выступлення або тэледэбатаў.

Пры вызначэнні месцазнаходжання кандыдата ў дэпутаты ў студыі ў  працэсе ажыццяўлення запісу выступлення ўлічваюцца яго пажаданні наконт правядзення выступлення стоячы альбо седзячы перад тэлекамерамі, з выкарыстаннем тэлесуфлёра альбо без яго.

25. Выступленні суправаджаюцца перакладам на мову жэстаў.

26. Для правядзення тэледэбатаў кандыдатаў у дэпутаты рэзервуецца эфірны час з разліку не больш  як 5 хвілін аднаму кандыдату і 5 хвілін вядучаму.

27. Чарговасць выступленняў удзельнікаў тэледэбатаў вызначаецца шляхам жараб'ёўкі перад пачаткам запісу тэледэбатаў. Удзельнікі размяшчаюцца ў студыі.

28. Вядучы знаёміць з  удзельнікамі тэледэбатаў і згодна з жараб'ёўкай дае ім слова.

29. Кожнаму ўдзельніку тэледэбатаў даецца не больш як 5 хвілін эфірнага часу, што ўключае  яго выступленне, пытанні іншым удзельнікам, адказы на пытанні, заключнае слова. Адведзены час падсумоўваецца.

Адлік часу  праводзіцца па гадзінніку, які знаходзіцца ў полі зроку вядучага і ўсіх удзельнікаў тэледэбатаў.

30. У залежнасці ад ходу тэледэбатаў вядучы  мае права прапанаваць для абмеркавання пытанні па рознай тэматыцы: палітычнай, эканамічнай, грамадскай, культуралагічнай і інш.

31. Вядучы (вядучыя) тэледэбатаў абавязаны:
      
  • сачыць за выкананнем дадзенага Палажэння;
  • сачыць за адлікам часу;
  • паведамляць удзельнікам аб заканчэнні часу;
  • пасля заканчэння часу перапыніць прамоўцу, які абавязаны падпарадкавацца патрабаванню вядучага.
32. Вядучы (вядучыя) мае права паставіць або ўдакладніць пытанне, перапыніць выступленне ўдзельніка або даць слова.

33. Напрыканцы тэледэбатаў вядучы  называе ўдзельнікаў дыскусіі, закрывае тэледэбаты.

Тэгі:

#Выборы 2019