Казахстан рыхтуецца прыняць адразу два маштабныя мерапрыемствы

8 июня 2017

Казахстан у гэтыя дні рыхтуецца прыняць адразу два маштабныя мерапрыемствы. У Астане пройдзе саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, а пасля стартуе ЭКСПА-2017. Нашу краіну на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў прадставіць Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка сёння накіруецца ў Казахстан з двухдзённым рабочым візітам. Кіраўнік дзяржавы ў сваім выступленні агучыць пазіцыю беларускага боку па развіцці аб'яднання, у тым ліку і яго эканамічнага вымярэння. Мінск у якасці назіральніка ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва актыўна ўдзельнічае ў серыі мерапрыемстваў па ўсіх асноўных кірунках - палітыка-дыпламатычным, гандлёва-эканамічным і культурна-гуманітарным. У Астане таксама запланаваная двухбаковая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Нурсултанам Назарбаевым. Лідары абмяркуюць парадак дня і ўзаемадзеянне ў інтэграцыйных фарматах. Прэзідэнт Беларусі таксама прыме ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выставы ЭКСПА.

На ёй будзе і беларускі павільён. Афіцыйна свой удзел у форуме пацвердзілі больш як 110 краін і каля 20-ці міжнародных арганізацый. Тэма маштабнага форуму сёлета - энергія будучыні - для нашай краіны вельмі актуальная. Яна цесна звязана з рэалізацыяй прынцыпаў стратэгіі ўстойлівага развіцця Беларусі. Для наведвальнікаў свае дзверы ЭКСПА адчыніць у суботу.