Дэлегацыю Беларусі на саміце "Усходняга партнёрства" ў Бруселі ўзначаліць Уладзімір Макей

21 ноября 2017

Дэлегацыю Беларусі на саміце "Усходняга партнёрства" 24-га лістапада ў Бруселі ўзначаліць Міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Пра гэта заявіў намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі МЗС нашай краіны. Андрэй Шупляк адзначыў: "Беларускім бокам з удзячнасцю ўспрынята запрашэнне наведаць саміт на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы, што адлюстроўвае прагрэс у адносінах Беларусі з ЕС… У дыпламатычнай практыцы візіт на вышэйшым узроўні, як правіла, з'яўляецца кульмінацыяй узаемных намаганняў бакоў па развіцці супрацоўніцтва, што сведчыць аб дасягненні глыбокіх сістэмных вынікаў, важных для асноў двухбаковага ўзаемадзеяння паміж адпаведнымі суб'ектамі міжнародных адносін".

Дыпламат падкрэсліў, што на парадку дня беларуска-еўрапейскіх адносін павінны з’явіцца перамовы, што вядуць да заключэння базавага пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве.

Стан узаемаадносін Беларусі з Еўрасаюзам на бягучым этапе, перспектывы іх развіцця, а таксама пытанні ўдзелу дэлегацыі нашай краіны ў саміце "Усходняга партнёрства" абмеркавалі сёння ў Мінску Уладзімір Макей і кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын.