У Брэсцкую вобласць працягваюць прыязджаць перасяленцы з Украіны

29 сентября 2019

У Беларусі яны пачалі жыццё з нуля. У Брэсцкую вобласць працягваюць прыязджаць перасяленцы з Украіны. Дапамогу ім падаюць мясцовыя ўлады і неабыякавыя людзі. Гэтая тэма таксама была закранутая падчас размовы Прэзідэнта з украінскімі СМІ.
Сітуацыя сапраўды была цяжкая, асабліва спачатку. Шматлікія перасяленцы захапілі з сабою толькі дакументы і самыя неабходныя рэчы. А сёння ў іх ёсць добрая праца і ўласнае жыллё. Марыя Тройніч сустрэлася з сям'ёй, якая знайшла ў Беларусі сваё новае шчасце.
У Беларусі шматдзетнай украінскай сям'і ні разу не адмовілі ў дапамозе. 
За пяць гадоў жыцця ў Беларусі ў сям'і Цыплаковых упадабалі не толькі беларускія прадукты. Брэст зачараваў іх настолькі, што з часам яны купілі тут кватэру. Хатняя ўтульнасць, пах шарлоткі і ўсмешкі дзяцей: цяжка паверыць, што яшчэ нядаўна гэтая сям’я пакінула зону баявога канфлікту. Калі ў Данецку прагрымелі выбухі, Таццяна была на пятым месяцы цяжарнасці. Успамінаючы тыя страшныя падзеі, маладая мама не можа стрымаць эмоцый.

Пачынаць жыццё з нуля было боязна, але ў Беларусі шматдзетнай украінскай сям'і ні разу не адмовілі ў дапамозе. Са сваякамі і сябрамі, якія засталіся на радзіме, размаўляюць па скайпе. Адтуль і сёння прыходзяць несуцяшальныя навіны.

Галава сям'і Віктар працуе фінансавым дырэктарам у прыватнай украінскай кампаніі. І пакуль жыве на дзве краіны. Гаворыць, першы час быў упэўнены, што пераезд у Беларусь - часовы. Але чым даўжэй пара знаходзілася ў Брэсце, тым часцей думала пра тое, каб застацца тут назаўжды. 

Яшчэ адным аргументам на карысць канчатковага пераезду стала нараджэнне доўгачаканай дачкі: Вераніка з'явілася на свет год таму. А яе старэйшы брат Арцём нядаўна пайшоў у новы дзіцячы сад. 
У яшчэ аднаго брата, Максіма, гэтай восенню таксама новы этап у жыцці: у восьмы клас ён пайшоў у новую школу, якую пабудавалі праз дарогу ад дома. Вучыцца добра, але ёсць невялікія цяжкасці з беларускай мовай. Гэты прадмет хлопчык вырашыў вывучаць нароўні з аднакласнікамі, нягледзячы на тое што, паводле закона, ён можа быць вызвалены ад уроку.
Усяго ў Брэсцкай вобласці сёння часова пражываюць тысяча сто ўкраінцаў. 
І гэта толькі паводле афіцыйных звестак.
У Брэсцкім рэгіёне дадатковую абарону атрымалі 205 грамадзян Украіны - гэты статус дазваляе працаўладкоўвацца без спецыяльных дазволаў. Многія з іх працуюць у медыцынскай сферы. Толькі ў абласной бальніцы сёння працуюць дзесяць украінскіх спецыялістаў.
Георгій Барчук працуе ўрачом-афтальмолагам, праводзіць у бальніцы найскладанейшыя аперацыі. Пасля пераезду ў Беларусь пацвярджаць украінскі дыплом яму не спатрэбілася, толькі практыку. Тут жа доктар атрымаў вышэйшую ўрачэбную катэгорыю. 
Вяртацца ва Украіну Георгій не плануе. Шматлікія яго суайчыннікі і сёння прыязджаюць у Беларусь па дадатковую абарону.
Пасведчанне на жыхарства Цыплаковы змогуць атрымаць праз два гады. Ну, а зараз уся сям'я з нецярпеннем чакае, пакуль маленькая Вераніка зробіць свае першыя крокі... па беларускай зямлі.