Спякота прыцягвае адпачывальнікаў да вадаёмаў

23 июля 2014

Спякота прыцягвае адпачывальнікаў да вадаёмаў і дадае працы гарадскім службам. У першую чаргу - прыбіральшчыкам пляжаў, акваторый рэк і вадасховішчаў. Дадатковыя ўрны, павелічэнне штату прыбіральшчыкаў і пакос водарасцяў. Сочаць за чысцінёй пільна, але без дапамогі гараджан не абысціся.



Надзея Сербіненка назірала за навядзеннем парадку ля вады.


Гэтая ўборка на Камсамольскім возеры - планавая. Ачыстка ўсіх сталічных вадаёмаў ад смецця і водарасцяў праводзіцца з мая па жнівень. Штодня Раман Семчанка разам з напарнікам бязлітасна скошваюць ўсё багавінне.


Штогод водарасцяў, смецця і, адпаведна, працы на водаачышчальным комплексе толькі прыбаўляецца. Няспыннае павышэнне тэмпературы вады, ўшчыльненне забудоў каля вадаёмаў і адсутнасць культуры многіх гараджан. Усё гэта прыводзіць да яшчэ большага забруджвання рэк.


Для ўборкі сталічных вадаёмаў выкарыстоўваецца вось такі механізаваны комплекс. Насамрэч, гэта падводная газонакасілка. Пік прац прыпадае як раз на такія спякотныя дні. Яны і ўсталяваліся ў сталіцы. Пакінуць паверхню вады чыстай - галоўная задача гэтага воднага судна.


Пачынаецца маршрут водаачышчальнага комплексу з самага верхняга вадаёма - Заслаўскага вадасховішча - і заканчваецца ў Чыжоўцы. Такіх уборачных цыклаў за сезон каля чатырох. Таму штат сталічнага водаканала ў летні перыяд павялічваецца ўдвая.


А за чысцінёй на сталічных пляжах сочаць прыбіральшчыкі Мінскай лесапаркавай гаспадаркі. Штодня іх рабочы дзень пачынаецца ў шэсць гадзін раніцы. Прыбраць усё смецце трэба да дзевяці, але яны спраўляюцца значна хутчэй. Потым сачыць за чысцінёй трэба на працягу ўсяго дня. Часам дапамагаюць неабыякавыя гараджане.


Дваццаць пяць пляжаў на шасці розных вадаёмах… Адзін пляж звычайна прыбіраюць два чалавекі. За кожным замацавана пэўная тэрыторыя - паўтара гектара.


Такім чынам, пяцьдзесят чалавек за невялікую плату робяць летні адпачынак мінчан камфортным. Праўда, далёка не ўсе адпачывальнікі гэта цэняць. І сметнікі часам не заўважаюць.