Другі "танкалёт" "Белавія" і Wargaming прыбыў у Мінск

12 декабря 2018

У Нацыянальным аэрапорце Мінск сёння сустракалі "танкалёт". Гэта чарговы сумесны праект "Белавія" і Wargaming. Самалёт "Эмбраер" авіякампанія набыла яшчэ ў 2014-м. І зараз пасля афарбоўкі ў Расіі ён прыбыў у беларускую сталіцу. Праўда, ненадоўга. Менш чым праз 2 гадзіны ён адправіцца ў свой першы пасажырскі рэйс.

На якіх маршрутах можна будзе сустрэць самалёт у новай крэатыўнай ліўрэі, ведае Вераніка Бута. 12 снежня 12 гадзін і 12 хвілін. Гэтая камбінацыя лічбаў стала знакавай для аматараў авіяпадарожжаў. Паветраны парк беларускага авіяперавозчыка папоўніў самалёт у новай унікальнай ліўрэі.

Embraer 195 здзейсніў свой першы пералёт у новым вобразе з Ульянаўска. Борт стаў другім "танкалётам" у сумесным праекце дзвюх беларускіх кампаній: "Белавія" і Wargaming. Традыцыйныя чорна-аранжавыя тоны - фірмовыя для распрацоўшчыка гульняў. У цэнтры ўвагі - зубр - адзін з галоўных сімвалаў краіны. І праводзяць аналогію стваральнікі дызайну: танк у свеце жывёлін. Зменьвалі лайнер два дзясяткі спецыялістаў. На афарбоўку пайшло 11 дзён. Сёння ў Мінску самалёту і яго экіпажу наладзілі ўрачысты прыём.

На вачах у дзясяткаў журналістаў зараджаецца і новая традыцыя. Сімвал "танкалёта" перадалі новаму камандзіру.

Tankolet версіі 2.0 - першы ў свеце лайнер, цалкам брэндаваны камп'ютарнай гульнёй. Нават аўдыёінфармацыя для пасажыраў загучыць па-новаму: з ноткамі знакамітай "Купалінкі". Далей - больш, думаюць і над унікальнай формай для экіпажа гэтага судна, а неўзабаве гэты рэйс можа пачаць абслугоўваць бортправаднік, які ведае тонкасці гульні "Свет танкаў" - сюрпрызы абяцаюць пад Новы год.

Над дызайнам працавалі ўсю вясну, думалі і над назвай авіялайнера - смелы, адважны, але рашэнне прыйшло з народа. Першы - выпрабавальны такі праект - пасажыры ахрысцілі "танкалётам" - дакладней і не скажаш. Вырашылі імя захаваць. Дарэчы, за два з паловай гады першы танкавы самалёт здзейсніў амаль 2,5 тысячы рэйсаў, наведаў 56 краін і перавёз 270 тысяч пасажыраў.

Зараз адразу два самалёты ў чорнай ліўрэі будуць здзіўляць пасажыраў у Еўропе, Азіі і СНД. Разлічваюць, што ў такой размалёўцы "Эмбраер" можна будзе бачыць на працягу пяці гадоў.

Наколькі дорага абышлася афарбоўка самалёта, у авіякампаніі не паведамілі, але ў сярэднім цэны ад 100 тысяч долараў за нескладаныя працы. Аднак кіраўніцтва "Белавія" апярэджвае каментарыі крытыкаў: такія праекты не стануць падставай для падаражэння білетаў. Насупраць, кампанія працягне плыўна іх зніжаць. Толькі за гэты год цэны паменшыліся прыкладна на 15%. Плюс адкрылі рэгулярны рэйс у Кішынёў, а літаральна праз некалькі дзён беларускія самалёты пачнуць лятаць і ў Варонеж.

Самалёт у новай размалёўцы свой першы рэйс з пасажырамі на борце здзейсніць ужо менш чым праз 2 гадзіны. У 23:15 ён вылеціць у Баку. А заўтра будзе рыхтавацца ўжо да новага падарожжа ў Брусель і Маскву.