Сустрэць Новы год у Мінску можна будзе на 26-ці адкрытых пляцоўках

31 декабря 2015

Адна з асноўных, традыцыйна, ля Палаца спорту. Тут праграма распачнецца а 23-яй гадзіне і будзе доўжыцца да чатырох раніцы 1 студзеня. На галоўную сцэну, мантаж якой зараз завяршаецца, выйдуць лепшыя творчыя калектывы і папулярныя беларускія эстрадныя выканаўцы. Кульмінацыяй святочнай ночы стане феерверк на Нямізе. У горадзе зараз знаходзіцца наш карэспандэнт Надзея Сербіненка, даведаемся ў яе падрабязнасці.

Дзе і як сустрэць Новы год? Гэтым пытаннем жыхары сталіцы пачалі задавацца яшчэ ў пачатку зімы. Але зараз на календары 31 снежня і святочная праграма ўжо вядомая. У кожным раёне горада ёсць свая пляцоўка, але ўсё ж большасць людзей чакаюць тут - на Кастрычніцкай плошчы, ля Галоўнай ёлкі краіны.

Ва ўсіх частках горада пройдуць калядныя кірмашы, тэатралізаваныя прадстаўленні, канцэрты і фізкультурна-спартыўныя спаборніцтвы. Уласныя спектаклі і шоу падрыхтавалі некалькі сталічных тэатраў, канцэртных залаў і палацаў культуры. Усяго запланавана больш за 30 мерапрыемстваў.

Кульмінацыяй навагодняй ночы стане феерверк. Музычна-піратэхнічнае шоу пачнецца ў 1:30 і прадоўжыцца 15 хвілін. У параўнанні з мінулым годам піратэхнічны сюжэт кардынальна зменіцца.

Забаўляць гараджан усю ноч будуць дыджэі і шоу-балеты. У канцэртнай праграме ўдзельнічаюць Алена Ланская, Аляксей Хлястоў, Аляксандр Саладуха і іншыя беларускія артысты. Яшчэ адно маштабнае гулянне адбудзецца ля "Чыжоўка-Арэны". Яно пачнецца 1 студзеня ў гадзіну ночы. Дарэчы, свята прадоўжыцца і заўтра. З 14:00 ля Палаца спорту будзе арганізавана святочная праграма "Прывітанне, Новы год!".