Час збору чарніц у вобласці. Як назапасіць карысныя плады і не атрымаць штраф?

9 июля 2018

Надвор'е спрыяе і збору ягад! У Мінскай вобласці стартаваў сезон збору чарніц. Сёлета лес не балуе небывалым ураджаем – засушлівае надвор'е не дазволіла ягадам наліцца сокам.

Тым не менш спажывецкія кааператывы ўжо нарыхтавалі на зіму 170 тон чарніц. З надыходам ягаднай пары працы прыбавілася і ў леснікоў. Збіраць у лясах чарніцы механічнымі прыстасаваннямі забаронена. Якія штрафы чакаюць парушальнікаў - Наталля Кезік.

Сям'я Прышчэпавых у лес сёння адправілася з першымі пеўнямі. З раніцы збіраць чарніцы прасцей, чым пад спякотным сонцам. Утраіх да апоўдня назбіралі пяць літраў чорнай ягады.

Таццяна Хількевіч на ягадныя плантацыі выбіраецца кожныя выхадныя, каб папоўніць запасы чарнічнага варэння і кампотаў на зіму. Кошык напаўняецца не вельмі хутка, бо сёлета ягада дробная.

Таццяна Хількевіч чарніцы ўсё жыццё збірае толькі рукамі, без дадатковых прыстасаванняў. Ягады застаюцца цэлымі, і лісця не так шмат у вядры.

Выкарыстанне камбайнаў для збору ягад забаронена. За парушальнікамі пільна сочаць ляснічыя - патрулююць чарнічныя месцы.

Сёлета ў лясах Чэрвеньскага раёна парушальнікаў пакуль не заўважылі, а вось вынік збору чарніц камбайнам у мінулым годзе відавочны сёлета. Кусты з ягадамі тут проста пасохлі.

Эколагі запэўніваюць, што пасля збору ягад механічным прыстасаваннем больш за ўсё пакутуе чарнічнік. Сарванае лісце правакуе ссыханне цэлага куста. І ў наступным годзе на такіх галінках ураджаю чакаць не варта. Штраф за збор ягад камбайнам зараз не маленькі – амаль 500 рублёў.

Сёлета чарнічны лясны ўраджай не багаты – ягад у лесе не шмат. Засушлівае надвор'е не дазволіла чарніцам наліцца сокам. Сезон збору лясных дароў толькі распачаўся – у Мінскай вобласці знялі забарону на наведванне лясоў.