Упершыню Акадэмія мастацтваў набрала курс студэнтаў з парушэннем слыху і мовы

31 июля 2018

Тэатр з інклюзіяй! Упершыню Акадэмія мастацтваў набрала курс студэнтаў з парушэннем слыху і мовы. На спецыяльнасць "Акцёр драматычнага тэатра і кіно" з больш як сотні заявак творчыя выпрабаванні прайшлі 7 абітурыентаў. З новага навучальнага года яны стануць студэнтамі бюджэтнай формы навучання. Мастацкі кіраўнік спецыялізаванага курсу - акцёр і дырэктар Палаца культуры імя Мікалая Шарко Яўген Валабоеў. Усе абітурыенты, акрамя ЦТ, здавалі творчыя выпрабаванні: сцэнічная мова, вакал, танец і акцёрскае майстэрства. У экзаменацыйнай камісіі прысутнічалі сурдаперакладчыкі, а для рытмічных дысцыплін устанавілі спецыяльную апаратуру, каб абітурыенты адчувалі музыку нагамі.

Для навучання інклюзіўных студэнтаў тэатральны факультэт Акадэміі мастацтваў мае патрэбу ў выкладчыках-сурдаперакладчыках. Мову жэстаў будзе асвойваць і педагагічны састаў. Па выніках 4-гадовага навучання будзе адкрыты першы дзяржаўны тэатр для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.