Уваскрэсенне Хрыстова сустрэлі каля двух мільёнаў католікаў Беларусі

1 апреля 2018

Са светлым святам вернікаў павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Галоўнае Усяночнае набажэнства ў Архікафедральным касцёле Мінска правёў Архібіскуп-Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Ён жа сёння ўзначаліў святочную працэсію, якая з раніцы напоўніла цэнтр сталіцы перазвонам і спевамі.

Святочную атмасферу з католікамі сёння падзяляюць і праваслаўныя, якія адзначаюць Вербніцу. Урачыстыя набажэнствы праходзяць у храмах у гонар Уваходу Гасподняга ў Іерусалім. Сімвалічнае прывітанне Хрыста - галінкі вербаў у руках праваслаўных сёння асвячаюцца малітвай і святой вадой. Такія букеты захоўваюць цэлы год.

Павел, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі:

"Сённяшняе свята ўсіх нас заклікае падумаць аб сабе, падумаць аб сэнсе жыцця чалавека на зямлі і пастарацца жыццё сваё арганізоўваць у тым кірунку, пра які гаварыў і вучыў нас Збавіцель: рабіць справы дабра, любові і міласэрнасці, жыць па запаведзях. І калі ў нашым сэрцы будзе жыць Хрыстос, вось тады ў нас будзе сапраўдная радасць! Таму што Ён - крыніца радасці і крыніца жыцця”.

Заўтра ў праваслаўных пачнецца Перадвелікодны тыдзень - тыдзень асаблівых малітваў і посту да Вялікадня, 8 красавіка. Католікі ж прадоўжаць адзначаць Уваскрэсенне Хрыстова.