Ва ўсіх раённых і гарадскіх выканкамах сёння прайшлі традыцыйныя прамыя тэлефонныя лініі

28 марта 2015

Па дапамогу ў вырашэнні набалелых пытанняў у адміністрацыю Цэнтральнага раёна Мінска звярнуліся больш за пятнаццаць жыхароў. Былі і калектыўныя просьбы.

Падрабязнасці ў Надзеі Сербіненкі. Прамыя тэлефонныя лініі сёння праходзяць ва ўсіх раёнах сталіцы. У Цэнтральным раёне праблемы і пытанні жыхароў выслухвае намеснік кіраўніка адміністрацыі. Яго профіль – жыллёва-камунальная гаспадарка.

Людзей па-ранейшаму хвалюе добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, недахоп парковачных месцаў, адсутнасць капітальнага рамонту, а таксама якасць і кошт камунальных паслуг. Не першы год гэтую сферу курыруе Сяргей Грэбень, таму ён добра ведае слабыя месцы жыллёва-камунальнай гаспадаркі свайго раёна.

Адзін з самых праблемных аб’ектаў Цэнтральнага раёна – Кіеўскі сквер. Ён даўно патрабуе маштабнай рэканструкцыі, але праз недахоп бюджэтных сродкаў абнаўленне нават не пачалося. Каб удакладніць тэрміны, жыхары мікрараёна і звярнуліся сёння на прамую тэлефонную лінію.

Паламаныя лаўкі, дарожкі, па якіх амаль немагчыма прайсці, і ліхтары, якія даўно не гараць. Жыхары б'юць трывогу: Кіеўскі сквер трэба тэрмінова аднаўляць.

У мясцовым зелянбудзе згодныя з тым, што рэканструкцыя неабходна. Праект ужо распрацавалі. Але сродкаў на яго ажыццяўленне пакуль не хапае.

А вось жыхары Заслаўя не першы год заклапочаныя станам дзіцячых пляцовак. Таму не аднойчы звярталіся ў раённую адміністрацыю з просьбай замяніць састарэлае і небяспечнае абсталяванне. На жаль, безвынікова.

Набалелае пытанне вымушаны былі задаць падчас прамой тэлефоннай лініі ў аблвыканкаме. Спадзяюцца на станоўчае вырашэнне.

Гарадскія і раённыя ўлады абяцаюць разабрацца ва ўсіх праблемах жыхароў як мага хутчэй. Пры гэтым заклікаюць да ўзаемнага разумення.