Векавы юбілей адзначаюць маракі Беларусі і Расіі

25 июля 2019

100 гадоў Дняпроўскай рачной ваеннай флатыліі святкуюць вялікім аўтапрабегам. Старт дадзены ў Смаленску. Маршрут пралягае ўздоўж Дняпра. Напярэдадні ветэранаў ВМФ сустракаў Магілёў. Хвілінай маўчання яны ўшанавалі памяць герояў Вялікай Айчыннай ля Вечнага агню на плошчы Славы. І на Буйніцкім полі. Дняпроўская флатылія падчас вайны вызначылася баямі пры абароне Палесся і Сталінграда. Вызваляла Беларусь і дайшла да Берліна. 20  байцоў сталі Героямі Савецкага саюза. Пасля вайны злучэнне грунтавалася ў Пінску.

Валерый Халадзілін, старшыня Беларускага саюза ваенных  маракоў: "З такім рытуалам мы едзем у Рэчыцу і там з усёй нашай беларускай арганізацыяй праводзім вялікую сустрэчу. Прыедуць адміралы - ветэраны флота з Расіі, Украіны.  Мы паспрабуем зрабіць, каб Днепр стаў аб'яднаўчым пачаткам для ўсіх славянскіх народаў".

Уладзімір Лісоўскі, гвардыі капітан 2-га рангу, ветэран Узброеных Сіл Беларусі: "Мы ганарымся гэтым краем, на якім ваявалі маракі Дняпроўскай флатыліі, якая дайшла да самых нямецкіх меж. Беларускі народ прадставіў на службу ваенна-марскога флота сотні тысяч маракоў. 84 адміралы - беларусы. Гэта ж выдатна".

Аўтапрабег пройдзе па месцах баявой славы флатыліі. Удзельнікі заедуць і ў беларускую сталіцу.