У Валожыне адкрылі першы раённы цэнтр бяспекі

22 февраля 2018

Сёння ў Валожыне адкрылі першы раённы цэнтр бяспекі. Школьнікі на практыцы не толькі знаёмяцца, але і вырашаюць любыя надзвычайныя сітуацыі: ад элементарнага выкліку экстранных службаў да ліквідацыі пажару і аказання першай меддапамогі. Інтэрактыўны праект яшчэ і інавацыйны. У асобным пакоі створана віртуальная рэальнасць. Больш падрабязна ў рэпартажы Юліі Токар.

Нават калі чалавек праваліцца пад лёд, гэтыя маладыя людзі не разгубяцца. Юныя ратавальнікі ведаюць, як паводзіць сябе ў любых надзвычайных сітуацыях і ахвотна даюць майстар-класы.

Ад элементарнага выкліку спецслужбаў да ліквідацыі пажару і першай меддапамогі. Вікторыя Лоўчая сапраўды спрытна дапамагае пацярпеламу – на рахунку секунды жыцця.

У Валожынскай школе сёння адкрылі першы раённы цэнтр бяспекі. У такім інтэрактыўным інавацыйным фармаце супрацоўнікі МНС імкнуцца не толькі засцерагчы школьнікаў, але і давесці паводзіны ў экстрэмальных умовах да аўтаматызму.

Мясцовую ініцыятыву рэалізавалі ў межах рэспубліканскага конкурсу. Падтрымаў Еўрапейскі саюз Праграмай развіцця ААН.

Пакуль гэта першы пілотны прыклад міжнароднага супрацоўніцтва. У перспектыве на гэтым жа школьным стадыёне створаць антыпажарны мабільны комплекс: з паласой перашкод, вежай і бегавымі дарожкамі. А пакуль у кожным раёне Мінскай вобласці адкрываюцца міні-цэнтры бяспекі. Інавацыйныя класы працуюць у Нясвіжы і Салігорску.